Палітычная і эканамічная гісторыя Беларускіх земляу у другой палове XVII–XVIII ст.

Палітычная і эканамічная гісторыя Беларускіх земляў ў другой палове XVII - XVIII ст.


Змест

1. Утварэнне Рэчы Паспалітай

2. Войны сярэдзіны XVII - пачатка XVIII ст.

3. Гаспадарчае развіццё беларускіх земляў у другой палове XVI - першай палове XVII ст.

4. Гаспадарчае развіццё беларускіх зямель у XVII - XVIII ст.

5. Эканамічны ўздым на Беларусі ў другой палове XVIII ст.

Спіс выкарыстаных крыніц


1. Утварэнне Рэчы Паспалітай

У 1522 г. сейм ВкЛ гарантаваў гаспадару княства - Жыгімонту Старому, што яго сын Жыгімонт Аўгуст будзе абавязкова абраны на прастол у княстве пасля смерці бацькі. Але фактычна Жыгімонт Аўгуст стаў кіраваць княствам значна раней - яшчэ з кастрычніка 1529 г., калі на сойме ВкЛ ён пры жыцці бацькі быў абраны вялікім князем. Вялікую ролю ў гэтым адыграла яго маці - каралева Бона Сфорца. Рэальная ўлада засталася ў руках бацькі, але ён рэдка ўмешваўся ў справы княства, бо больш займаўся справамі Кароны Польскай. У 1547 г. Жыгімонт па каханню ажаніўся з Барбарай Радзівіл, але Барбара, як і першая жонка Жыгімонта, хутка памерла. Іншыя шлюбы не прынеслі Жыгімонту ні асабістага задавальнення ні сыноў.

Лівонская вайна. У 1558 г. маскоўскі цар Іван IV, больш вядомы як Іван Жахлівы, распачаў вайну супраць былога Лівонскага ордэна. На той час Ордэн уяўляў сабой канфедэрацыю - саюз 5 княстваў, створаных нямецкімі рыцарамі. Асноўнай мэтай маскоўскага цара была здабыча выхаду да Балтыйскага мора, гэта давала магчымасць самастойна гандляваць з Еўропай без дапамогі шматлікіх пасрэднікаў. Атрымаўшы выхад да Балтыкі, Расія магла больш актыўна ўдзельнічаць і ў еўрапейскіх справах. Лівонія была аб’яўлена спадчынай маскоўскіх князёў на падставе таго, што ў старажытныя часы гэтай тэрыторыяй валодалі князі Кіеўскай Русі. Спадчынай Масквы таксама была названая і частка ВкЛ - беларускія і ўкраінскія землі з Полацкам, Віцебскам, Оршай, Магілёвам, Кіевам і іншымі буйнымі гарадамі.

Вялікая маскоўская армія ў першыя месяцы ваенных дзеянняў у Прыбалтыке захапіла Нарву, Дэрпт, падступіла да Рэвеля. Ордэн запрасіў перамір’я, адначасова актыўна стаў шукаць саюзнікаў у Еўропе, аднак Швецыя, Данія і Польша адмовіліся ваяваць супраць Расіі, толькі Вялікае княства Літоўскае, разумеючы небяспеку маскоўскага заваявання Лівоніі, вырашыла аказаць дапамогу Ордэну. У 1559 г. Лівонія перайшла пад пратэктарат ВкЛ, у выніку ваенныя дзеянні аднавіліся, і зноў паспяхова для Івана IV. У ліпені 1561 г. войска ВкЛ на чале з Мікалаем Радзівілам Рудым уступіла ў Лівонію, але было разбіта каля горада Пярну. Ордэн фактычна перастаў існаваць. Апошні магістр Кетлер перадаў у сакавіку 1562 г. Мікалаю Радзівілу Чорнаму (стрыечны брат Мікалая Радзівіла Рудога) пячатку Ордэна і ключы ад Рыгі. Каб пашырыць кола ўдзельнікаў вайны, Кетлер перадаў эстонскія землі Швецыі, востраў Эзэль Даніі, Лівонію - ВкЛ, за сабой захаваў толькі Курляндыю на правах спадчыннага свецкага княства. Адначасова вялікі князь Жыгімонт Аўгуст прызначыў Кетлера сваім намеснікам у Лівоніі. Так перастала існаваць ваенна-царкоўная дзяржава - Лівонскі ордэн.

У адказ на гэта, атрады Івана IV у пачатку 1562 г. спустошылі ваколіцы Мсціслава, Шклова, Оршы, Віцебска, Дуброўны, Копыля. Для генеральнага наспуплення на Полацк пад Мажайскам рыхтавалася армія ў 60 тыс. чалавек.31 студзеня 1563 г. гэтае войска асадзіла Полацк, а праз 2 тыдні гераічнай абароны (15 лютага) захапіла горад. Вільня запрасіла міру, але патрабаванні маскоўскага цара былі празмерныя - Полацк і Лівонія павінны быць далучаны да Расіі. У 1564 г. ваенныя дзеянні аднавіліся. Невялікаму войску Мікалая Радзівіла Рудога ўдалося разбіць дзве рускія арміі - каля ракі Ула 25 студзеня і пад Оршай 2 лютага 1564. Спробы Івана IV пранікнуць у цэнтр дзяржавы былі сарваныя. Але рускі цар добра замацаваўся ў паўночнай Беларусі - у 1566-1569 гг. ён будуе каля Полацка крэпасці Суша, Сокал, Сітна, Красны, Казьяны, Усвяты, Туроўля. У гэтых умовах княству патрабаваўся саюзнік, бо аднаму яму адбіць напады маскоўскага цара было немагчыма. Найбольш верагодным саюзнікам была Польшча, з якой у 1569 г. была заключана Люблінская ўнія. У 1570 г. новая дзяржава - Рэч Паспалітая пайшла на перамір’е з Іванам IV, апошняму так сама патрабавалася часова замірыцца з Літвой і Польшчай, бо пачаліся ваенныя дзеянні супраць Швецыі. Хутка памер апошні прадстаўнік дынастыі Ягеллонаў бяздзетны Жыгімонт II Аўгуст, таму ваенныя дзеянні аднавіліся толькі праз некалькі гадоў, калі ў Рэчы Паспалітай усталяваўся ўнутраны парадак.

Люблінская ўнія. У Польшчы, пачынаючы з Крэўскай уніі 1385 г., шырылася ідэя паглынання ВкЛ, што давала польскім магнатам і шляхце магчымасць займаць новыя пасады, набываць новыя багацці, у сваю чаргу, каталіцкая царква магла больш рашуча распаўсюджваць свой уплыў. Шавіністычныя настроі палякаў тым больш вырасталі, чым у больш складаныя абставіны трапляла Вялікае княства Літоўскае. Асабліва відавочна гэта было пад час Лівонскай вайны. Палякі патрабавалі поўнага ўключэння княства ў склад Польшчы. Тым часам дзяржаўныя дзеячы ВкЛ на чале з канцлерам Астафеем Валовічам і яго намеснікам Львом Сапегай згодны былі пайсці на аб’яднанне з Польшчай, але толькі на ўмовах ваенна-палітычнага саюза. Агульны сейм, на якім трэба было распрацаваць умовы аб’яднання, быў назначаны ў Любліне на 23 снежня 1568 г. Перамовы ішлі на працягу 6 месяцаў, але так і не скончыліся поспехам. Сітуацыя ўскладнялася тым, што шляхта ВкЛ горача падтрымлівала ўнію, бо ў выніку яе яна атрымлівала, як і ў Польшчы, роўныя з магнатамі правы, у тым ліку ў кіраванні дзяржавай. Калі перамовы нічога не далі і паслы ад ВкЛ пачалі раз’язджацца, палякі пайшлі на прамую інкарпарацыю княства. Жыгімонт Аўгуст падараваў Польшчы на вечныя часы ўкраінскія тэрыторыі княства - Валынь, Падляшша, Падолле і Кіеўшчыну. Ва ўмовах Лівонскай вайны гэта было цяжкай стратай для дзяржавы. Да того, вялікі князь (адначасова і кароль польскі) Жыгімонт Аўгуст загадаў дзяржаўным дзеячам і паслам ВкЛ падпісаць умовы ўніі пад пагрозай ліквідацыі дзяржаўнасці ВкЛ.

Сутнасцю новай уніі было стварэнне адзінай дзяржавы - Рэчы Паспалітай, але яна мела федэратыўны характар. Па ўмовах падпісаных дакументаў у Рэчы Паспалітай выбіраўся адзіны гаспадар, каранаваўся ён толькі ў Кракаве; сабіраўся агульны сейм, яго рашэнні павінны былі выконвацца на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай; касаваліся законы ВкЛ, што супярэчылі ўмовам уніі; феадалы аб’яднанай дзяржавы маглі набываць маёмасць у любым рэгіёне новай дзяржавы; павінна была праводзіцца агульная знешняя палітыка; уводзілася агульная грашовая адзінка, ліквідавалася мяжа паміж дзяржавамі і мытні на ёй; страчаныя ВкЛ украінскія тэрыторыі навекі адыходзілі да Польшчы, а Лівонія знаходзілася ў сумесным валоданні ВкЛ і Польшчы. Але ВкЛ не перастала існаваць пасля Люблінскай уніі. Княства было пастаўлена ў залежнае ад Польшчы становішча, але пэўная самастойнасць была захаваная. У княстве захавалася асобнае войска, дзейнічала сваё заканадаўства, свая судовая сістэма, свая адміністрацыя. Захавалася свая пячатка і беларуская мова дзяржаўнага справаводства. Фактычна, насуперак рашэнням Люблінскага сейма, засталася і свая грашовая сістэма, пры Стэфане Баторым была адноўлена і мяжа.

Шок ад умоў уніі атрымалі і магнаты і шляхта, што так дамагалася аб’яднання з Польшчай. У наступныя дзесяцігоддзі ў княстве праводзіліся мерапрыемствы, накіраваныя на аслабленне наступстваў аб’яднання: працягвалі сабіраць асобныя ад палякаў сеймы, стварылі ў 1581 г. Галоўны Трыбунал - вышэйшую судовую ўстанову ў княстве замест вялікакняскага суда. У 1588 г. быў прыняты трэці Статут ВкЛ. У гэтым галоўным зводзе законаў княства Люблінская ўнія наогул не згадваецца. Насуперак рашэнням 1569 г., у княстве забаранялася прадаваць маёнткі іншаземцам (да іх адносіліся і палякі), дзяржаўныя пасады мелі права займаць толькі ўраджэнцы княства. У Статуце была замацавана норма, згодна з якой гаспадар нес адказнасць за захаванне тэрытарыяльнай адзінасці дзяржавы. Аднак унія засталася, яе вынікамі была паланізацыя і акаталічванне пануючага саслоўя княства - шляхты і магнатаў. Узмацнілася запрыгоньванне сялянства, княства ўцягвалася ў новыя знішчальныя войны. Узмацніўся польскі культурны націск, рэзка пагоршыліся ўмовы для развіцця беларускай культуры. Але ўнія была меньшым злом для ВкЛ у параўнанні з перспектывай быць заваяванымі Іванам IV.

Юрыдычна Люблінская ўнія была ліквідавана 3 мая 1791 г. з прыняццем Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, згодна з якой дзяржава страчвала свой федэратыўны лад.

Выбары караля. Са смерцю Жыгімонта Аўгуста скончылася дынастыя Ягеллонаў, якая правіла ў ВкЛ і Польшчы на працягу амаль 200 год. З’явілася новая традыцыя - выбранне караля з-за мяжы, з іншых каралеўскіх дынастый. Працэс выбрання зваўся элекцыя, складаўся з некалькіх этапаў. На першым сейме - канвакацыйным - вызначалася працэдура выбараў новага кіраўніка дзяржавы. Да выбараў караля кіраваць дзяржавай было даручана архіепіскапу гнезнескаму, прымасу Польшчы. На элекцыйным сейме праходзілі выбары караля з ліку некалькіх кандыдадаў. Асаблівасцю канвакацыйнага і элекцыйнага сеймаў было тое, што на іх не дзейнічала права “liberum veto”, што давала магчымасць адначасова праводзіць некаторыя рэформы.

На элекцыі 1573 г. на прастол Рэчы Паспалітай пратэндавалі Эрнэст, сын імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі, Генрых Валуа - брат французскага караля, рускі цар Іван IV, семіградскі ваявода Стэфан Баторы. За кожным з іх стаяла групоўка з уплывовых асоб Польшчы ці ВкЛ. Пераможцам стаў Генрых Валуа (кароль і вялікі князь у 1574 г.). Але перад каранацыяй ён вымушаны быў зацвердзіць дзве паперы - “pacta conventa” і так званыя “Генрыкавы артыкулы”. “Pacta conventa” ўтрымлівала прывілеі і вольнасці дзяржавы, выдадзеныя каралямі і вялікімі князямі раней, а “артыкулы" былі распрацаваны непасрэдна для Валуа і будучых гаспадароў. Яны ўтрымлівалі наступныя палажэнні: кароль не меў права пратандаваць на перадачу ўлады па спадчыне; гарантавалася свабода хрысціянскага веравызнання; кароль не меў права прымаць рашэнні без абмеркавання з 16 сенатарамі; кожные 2 гады павінен сабірацца сейм, без згоды якога нельга ўводзіць новыя налогі і сазываць паспалітае рушэнне; без згоды сената нельга весці міжнародныя справы, прызначаць на вышэйшыя дзяржаўныя пасады і здымаць розных асоб. Калі кароль і вялікі князь не выконваў умоў “артыкулаў”, шляхта мела права на стварэнне канфедэрацыі і ўзброенае выступленне супраць каралеўскай улады.

Валуа пашчасціла - праз пяць месяцаў памёр яго брат, кароль Францыі, і Генрых збег у Парыж да французскай кароны. Пасля перамоў з Іванам Жахлівым і некаторымі іншымі прэтэндэнтамі, на новай элекцыі каралём быў абраны Стэфан Баторы, выдатны вайсковец і палітычны дзеяч. Ён так сама вымушаны быў зацвердзіць “pacta conventa” і “Генрыкавы артыкулы” - іх цяпер зацвярджалі ўсе каралі, абраныя на прастол Рэчы Паспалітай, уключна да Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Стэфан Баторы (кароль і вялікі князь у 1576-1586 гг.) адразу пачаў падрыхтоўку да ўзнаўлення ваенных дзеянняў з рускім царом. Апошні ў 1577 г. заняў усю Лівонію, што належыла Рэчы Паспалітай. Па рашэнню сейма 1578 г. была сабрана вялікая армія, пераважна з наёмнай пяхоты - немцаў і венграў, з моцнай артылерыяй. Да таго, у Рэчы Паспалітай Баторы правёў вайсковую рэформу - у склад арміі ўключылі частку дзяржаўных сялян, якія атрымалі па 1,5 валокі зямлі і абавязаны былі несці вайсковую павіннасць. У пачатку жніўня Баторы асадзіў Полацк, што было нечакана для рускага цара і праз тры тыдні штурмам узяў горад. Старажытная беларуская сталіца значна пацярпела як ад штурма рускіх, так і ад штурма венграў - галоўная страта - гэта знішчэнне бібліятэкі Сафійскага сабора і страта Полацкага летапісу.

Да канца 1579 г. былі разбураны ўсе крэпасці, што Іван Жахлівы пабудаваў на Полаччыне. У наступным 1580 г. войска Баторыя захапілі Вялікія Лукі і Веліж, а ў 1581 г. асадзілі Пскоў, але няўдала. У пачатку 1582 г. у Ям-Запольскім было заключана перамір’е, якім скончылася Лівонская вайна. Па ўмовах перамір’я за Рэчу Паспалітай заставаліся Полацк і ўсе былыя землі ВкЛ, а Расіі варочаліся рускія крэпасці. Вайна скончылася тым, з чаго пачалася, толькі беларускія землі былі разрабаваныя і вынішчаныя заваёўнікамі.

Акрамя ваенных поспехаў, С. Баторы вызначыўся ў духоўна-рэлігійнай сферы жыцця грамадства. Баторы садзейнічаў езуітам, у 1579 г. дазволіў пераўтварыць Віленскі калегіўм у акадэмію з правамі ўніверсітэта, а ў 1581 г. заснаваў езуіцкі калегіўм у Полацку.

Пад час падрыхтоўкі новай вайны з Масквой, Баторы нечакана памёр у 1586 г.

На прастол Рэчы Паспалітай зноў пратандавала некалькі кандыдатаў - цар маскоўскі Фёдар Іванавіч, германскі імператар Максіміліян і шведскі прынц Жыгімонт з каралеўскай дынастыі Ваза. Перамогу пры падтрымцы магнатаў ВкЛ атрымаў апошні прэтэндэнт, які быў каранаваны як Жыгімонт III Ваза (1587-1632 гг.). Па меркаваннях шматлікіх гісторыкаў, гэты гаспадар не вызначаўся ні розумам, ні здольнасцямі дзяржаўнага дзеяча. Але ён быў цалкам адданы каталіцтву, а езуіты атрымалі пры ім надзвычайныя перавагі і прывілегіі.

Пад час выбрання гаспадаром Рэчы Паспалітай, Жыгімонт вымушаны быў зацвердзіць трэці Статут ВкЛ, які быў выдадзены ў 1588 г. Бадай гэта была адзіная карысная справа, якую зрабіў гаспадар для княства. Па ініцыятыве езуітаў і са згоды праваслаўных іерархаў, якія баяліся страціць пасады, гвалтоўнымі метадамі была праведзена царкоўная ўнія ў 1596 г. Гэтая падзея раскалола грамадства на варожыя бакі і дала падставы для ўмяшальніцтва рускай дзяржавы ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай у будучыне. Акрамя наступлення на праваслаўе, езуіты працягвалі барацьбу з пратэстантамі. Кнігі пратэстантаў паліліся, навучальныя ўстановы зачыняліся, а пратэстантаў-магнатаў пазбавілі магчымасці займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады.

Узмацненне рэлігійнага і сацыяльнага ўціску выклікала першае буйное казацка-сялянскае паўстанне пад кіраўніцтвам Севярына Налівайкі ў 1595-1596 гг., якое ахапіла частку Украіны і поўдзень Беларусі. Паўстанне было падаўлена, але яно паказала моц украінскіх казакаў і рост недавольства ў грамадстве.

У знешней палітыцы Жыгімонта за першымі поспехамі заўсёды адбываліся няўдачы. Жыгімонт пратандаваў на шведскі трон, за які ён ваяваў у 1601-1611 і 1614-1629 гг., абодва разы няўдала. Правалам скончыліся намаганні Жыгімонта і яго дарадцаў усталяваць кантроль над рускай дзяржавай.

Авантуры з Ілжэдзмітрыямі. Выбраны ў 1598 г. на маскоўскі прастол Барыс Гадуноў некаторымі баярскімі коламі абвінавачваўся ў забойстве царэвіча Дзмітрыя (адбылося ў 1591 г.), сына Івана Жахлівага - адзінага пасля Федара Іванавіча прадстаўніка правячай у Маскве дынастыі Рурыкавічаў. У цяжкі перыяд кіравання для Барыса (страшэнны голад 1601-1603 гг.) ў Рэчы Паспалітай з’явіўся чалавек, што выдаваў сябе за цудам жывога царэвіча Дзмітрыя Іванавіча. Гэтым авантурыстам быў беглы манах Грышка Атрэп’еў, які некаторы час працаваў пры патрыярхе Іоне і добра ведаў маскоўскі двор. Такі авантурыст быў падарункам для кіраўніцтва Рэчы Паспалітай, гэта дазваляла распаліць у маскоўскай дзяржаве грамадзянскую вайну і потым скарыстацца яе наступствамі. Жыгімонт ІІІ і канцлер ВкЛ Леў Сапега прыватным чынам падтрымалі намаганні Ілжэдзмітрыя і яго паплечнікаў, дазволілі сабраць прыватнае войска. За дапамогу яны патрабавалі ад будучага маскоўскага цара перадаць Рэчы Паспалітай Смаленшчыну, Северскае княства; жонцы - палячке Марыі Мнішак перадаць ў асабістае валоданне Пскоў і Ноўгарад; даць палякам перавагі ў гандлі; садзейнічаць распаўсюджванню каталіцтва ў Масковіі (асабіста “царэвіч” ужо быў католікам) і інш. На ўзроўні дзяржавы Рэч Паспалітая ў адносінах з Масквой захоўвала нейтралітэт.

У кастрычніку 1604 г. “войска" Ілжэдзмітрыя І уступіла ў Расію. Паўднёвыя гарады сустракалі “сапраўднага” цэвіча з хлебам-соллю. Пачаліся ваенныя сутычкі з царскім войскам, якія для самазванца скончыліся дрэнна. Дапамагла Ілжэдзмітрыю нечаканая смерць Барыса Гадунова ў красавіку 1605 г. Ён сабраў вялікае апалчэнне сярод рускіх гарадоў і ўжо летам быў у Маскве. Малалетні цар Фёдар Гадуноў разам з маткай быў задушаны, патрыярх Іоў - які асабіста ведаў Грышку Атрэп’ева - арыштаваны. Хутка народная радасць перарасла ў нянавісць. Новы “цар” не паважаў рускіх традыцый, рускай веры, а яго палякі наогул вызывалі непрыкрытую нянавісць масквічоў. Гэтым скарыстаўся ўплывовы баярын Васілій Іванавіч Шуйскі.17 мая 1606 г. адбылося паўстанне маскоўскага насельніцтва, “цар” быў забіты прыхільнікамі Шуйскага, палякі амаль усе перабіты (Марыну Мнішак з бацькам выратавалі баяры).

Народ не любіў Шуйскага, але прыхільнікі “пракрычалі" яго новым царом на Чырвонай плошчы і разгарачоная маскоўская чэрнь згадзілася. Новая ўлада ў Маскве была вельмі нестабільнай, чым зноў скарысталіся авантурысты. Летам 1607 г. з’явіўся новы “царэвіч Дзмітры" - настаўнік з Магілёўшчыны. Ён аб’яднаў атрады Ілжэдзмітрыя І, стаў рухацца на Маскву. Сталіцу захапіць ён не здолеў і абаснаваўся ў Тушыне, атрымаўшы прозвішча “тушынскі вор”. У гэты час прыватныя войскі Яна Сапегі і Аляксандра Лісоўскага пачалі беспаспяховую асаду Троіца-Сергіевага манастыра, якая цягнулася з верасня 1608 г. па студзень 1610 г.

Лагер “тушынскага вора” стаў другім адміністратыўным цэнтрам маскоўскай дзяржавы, якая раскалолася на некалькі частак. Сюды прыехалі Марына Мнішак з бацькам, якія “прызналі" ў Ілжэдзмітрыі ІІ “сапраўднага” Дзмітрыя. Становішча маскоўскага цара Васілія Шуйскага ўскладнілася, і ён запрасіў дапамогі ў шведаў. Ваенныя дзеянні пачаліся вясной 1609 г. паспяхова для Масквы і Швецыі. Ад “тушынцаў" была вызвалена значная тэрыторыя. Рэч Паспалітая знаходзілася ў стане вайны са Швецыяй (Жыгімонт дабіваўся шведскай кароны), таму ў верасні 1609 г. Жыгімонт распачаў адкрытую вайну супраць рускай дзяржавы і асадзіў Смаленск. Ілжэдзмітры ІІ стаў непатрэбны ўладам Рэчы Паспалітай і праз год быў забіты ў Калуге. Асада Смаленска цягнулася да чэрвеня 1611 г. Годам раней, у чэрвені 1610 г. баяры зверглі Шуйскага - яго войска было разбіта арміяй Рэчы Паспалітай, а шведы захапілі поўнач дзяржавы разам з Ноўгарадам. Маскоўскай “сямібаяршчынай" браты Шуйскія былі выдадзены Жыгімонту ІІІ. У кастрычніку 1611 г. былы цар быў паказаны на сейме ў Варшаве як “захоплены пад час бітвы" кіраўнік варожай дзяржавы, што не адпавядала рэчаіснасці.

Пасля звяржэння Шуйскага, у стане гетмана Жалкеўскага ў чэрвені 1610 г. пад Масквой было падпісана пагадненне аб прызванні на рускі прастол польскага каралевіча Уладзіслава. У верасні баяры ўпусцілі польскае войска ў Маскву. Крыху пазней пад Смаленск паехала прадстаўнічая дэлегацыя да Жыгімонта прасіць Уладзіслава на маскойскае царства. Кароль сам жадаў стаць рускім царом, патрабаваў здачы Смаленска і не прызнаў дагавора, падпісанага Жалкеўскім, таму пасольства правалілася, а паслы былі ўзяты пад ахову. Кіраўніцтва ў Маскве цалкам перайшло да пана Гансеўскага і палякаў.

У пачатку 1611 г. рускія сабралі першае апалчэнне, але з-за супярэчнасцяў у кіраўнікоў Маскву вызваліць яно не здолела. Тым часам войска Жыгімонта ІІІ у чэрвені 1611 г. штурмам заняла Смаленск. У восень 1611 г. на Паволжы пачало збірацца другое рускае апалчэнне, арганізатарам якога быў Кузьма Мінін. На пасаду ваеннага кіраўніка быў вылучаны князь Дзмітры Пажарскі. У жніўні 1612 г. яны ў маскоўскім Крамлі асадзілі войска Рэчы Паспалітай. Войскі апалчэння разбілі армію гетмана Хадкевіча, якая везла шмат правізіі і прыпасаў асаджаным у Крамлі. У апошніх не засталося выбару, як здацца апалчэнцам.

У студзені 1613 г. Земскі сабор у Маскве выбраў новага цара - Міхаіла Раманава, каралевіч Уладзіслаў быў пазбаўлены права на маскоўскі трон. Летам 1617 г. ён з войскам і атрадамі ўкраінскага гетмана Сагайдачнага пайшоў на Маскву, але Масквы ўзяць не здолеў. Было падпісана Дэўлінскае перамір’е на 14,5 год. Згодна з ім, ВкЛ атрымлівала Смаленскія землі, Карона Польская - Ноўгарад-Северскія і Чарнігаўскія землі. Быў праведзены абмен палоннымі. Уладзіслаў працягваў лічыць сябе маскоўскім царом. На гэтым усходні напрамак перастаў цікавіць Жыгімонта ІІІ Вазу. З 1614 па 1629 г. кароль ваяваў з Густавам Адольфам за шведскую карону, але беспаспяхова. Таксама беспаспяхова скончыліся яго намаганні па замацаванню цэнтральнай улады - у 1620 г. была арганізавана змова супраць караля. Наступленне на казацкія вольнасці вызвала вялікае паўстанне на Украіне ў 1630 г., якое было жорстка падаўлена.

На Беларусі адбылося шэраг выступленняў у гарадах. У 1606-1610 гг. у Магілёве кіравала справамі горада рада, выбраная з простых мяшчан. Кіравалі радай Стахор Мітковіч, шабельнік Мікіта, ганчар Міхалка, шавец Фёдар і іншыя. Войска жорстка пакарала ўдзельнікаў выступлення і вярнула ўладу гарадской вярхушке. У 1615 г. адбылося паўстанне ў Мазыры, у якім частку гараджан стараста вывеў з-пад улады магістрата і падпарадкаваў сабе. Мяшчане на чале з бурмістрамі Іванам Крыцкім і Жданам Машай занялі замак, перадалі ў гарадскую казну незаконна спагнаныя грошы і пашырылі ўладу магістрата на ўвесь горад. Праз некалькі год, у 1622 г. каралеўскі суд прызнаў частку пераўтварэнняў паўстанцаў. У 1623 г. у Віцебску мяшчане не вытрымалі нахабных дзеянняў уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча і пад час паўстання забілі яго і выкінулі ў Заходнюю Дзвіну. Удзельнікі паўстання былі пакараныя смерцю, а горад пазбавілі права на самакіраванне. Пасля смерці Жыгімонта ІІІ у 1632 г. яго пераемніку дасталося шмат невырашаных знешніх праблем і разлад унутры дзяржавы.

Новым каралём Рэчы Паспалітай быў абраны сын Жыгімонта ІІІ - Уладзіслаў IV Ваза (1632-1648 гг.). Пад час яго элекцыі маскоўскія ўлады спрабавалі скарыстацца магчымасцю заваяваць Смаленск. Было захоплена шмат невялікіх гарадоў, але Смаленск не здаваўся. Вясной 1633 г. кароль Уладзіслаў прыйшоў на помач асаджаным. У лютым 1634 г. рускі ваявода Міхаіл Шэін капітуляваў. Але Уладзіслаў не здолеў развіць поспех - абвастрыліся адносіны з Турцыяй і Швецыяй. У чэрвені быў падпісаны Палянаўскі мір, у аснову якога пакладзена Дэўлінскае перамір’е. Адзінае адрозненне - Уладзіслаў адмаўляўся ад прэтэнзій на маскоўскі трон за кантрыбуцыю ў 20 тыс рублёў. Пад час гэтай вайны, якая завецца “Смаленскай”, рускае войска спрабавала заняць Полацк. Летам 1633 г. яны наблізіліся да горада з поўначы, захапілі Запалоцце, але Верхні Замак заняць не здолелі і, спаліўшы горад, адышлі.

Уладзіслаў разумеў адмоўныя наступствы разладу ў грамадстве на рэлігійнай падставе, таму актамі 1632 і 1633 гг. легалізаваў існаванне праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай. Але яго палітыка экспансіі на Украіне стала прычынай вялікай казацкай вайны, якая распачалася ў апошнія месяцы праўлення караля. Асноўны цяжар вырашэння казацкага пытання і звязаных з ім наступстваў прыпаў на час праўлення другога сына Жыгімонта ІІІ Вазы - кардынала Яна Казіміра Вазы (1648-1668 гг.).

2. Войны сярэдзіны XVII - пачатка XVIII ст.

Вызваленчая вайна ўкраінскага народа пачалася вясной 1648 г. У бітвах каля Жоўтых Водаў і Корсуня казацкае войска пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага (яго бацькі паходзілі з Беларусі) перамаглі польскія арміі. Адначасова Хмяльніцкі, якога абралі гетманам, стаў засылаць агентаў і казацкія атрады - “загоны" на тэрыторыю паўднёвай Беларусі (тэрыторыя ВкЛ, у адрозненні ад Украіны - якая з 1569 г. належыла Польшчы) з мэтай распачаць і тут вялікую “вызваленчую” вайну. У адрозненні ад Украіны, на Беларусі не было польскіх паноў (Статут 1588 г. забараняў палякам набываць маёмасць у ВкЛ), таму распачаўшаяся ўнутраная вайна стала грамадзянскай. Беларусы - мяшчане і сялянене ваявалі супраць беларусаў - шляхціцаў. Да таго ж і казацкая вярхушка, акрамя пашырэння паўстання, мела і другі намер - далучыць паўднёвую Беларусь да Украіны.

Летам 1648 г. на поўдзень Беларусі былі занесены першыя ачагі паўстання, якое адразу прыняло жорсткія формы, было накіравана на татальнае знішчэнне супраціўнікаў. Першыя казацкія “загоны" атрымалі падтрымку простага насельніцтва, сяляне далучаліся да казакаў і вынішчалі маёнткі шляхты, гараджане адчынялі брамы. Першы “загон” атамана Галавацкага разграбіў ваколіцы Брагіна, Лоева, Гомеля. Шляхта, каталіцкае духавенства і асабліва езуіты вынішчаліся. У чэрвені 1648 г. атрады Нябабы, Крывашапкі, Гаркушы, Мікуліцкага, Няпаліча рассыпаліся па ўсяму Палессю і сталі захопліваць гарады - Рэчыцу, Мазыр, Кобрын, Бярэсце. Паплечнік Хмяльніцкага, беларус Сакалоўскі здолеў захапіць Бабруйск.

Кіраўніцтва ВкЛ вымушана было сазваць паспалітае рушэнне, але сабранае войска было разбіта ў верасні 1648 г. пад Кобрынам. Новую наёмную армію збіраў гетман Януш Радзівіл на асабістыя сродкі і грошы каталіцкай царквы. У гэты час выбухнула паўстанне ў Пінску. У кастрычніку 1648 г. мяшчане пад кіраўніцтвам рамесніка І. Шашэні вынішчылі езуітаў, шляхту ў горадзе і злучыліся з атрадам атамана Антона Нябабы. Першы ўрадавы атрад пад кіраўніцтвам пана Мірскага быў разбіты, але ў лістападзе 1648 г. падыйшлі галоўныя сілы на чале з Янушам Радзівілам. Горад быў узяты штурмам і ўвесь вынішчаны. Загінула каля 3 тыс. жыхароў. Радзівіл пачаў займаць паўднёвыя гарады і адразаць паўстанцаў і казакаў ад Украіны. Былі захоплены Тураў, Мазыр, Бабруйск. У Мазыры паўстанцы на чале з рамеснікам Іванам Сталяром і майстрам Седляром злучыліся з загонам атамана Міхненкі і запёрліся ў горадзе, адхіліўшы прапанову аб капітуляцыі. Штурм пачаўся 19 студзеня 1649 г., некалькі атак паўстанцы адбілі, але, схаваўшыся ў вазы з дравамі, атрады Радзівіла ўварваліся ў горад, разрабавалі яго, частку спалілі. У Бабруйску паўстанцы разам з казакамі атамана Паддубскага разбілі ўрадавы атрад пана Паца, тады горад у пачатку студзеня асадзіў атрад пана У. Валовіча. Чатыры тыдні асады не прынеслі поспеха Валовічу і на помач рушыў гетман Я. Радзівіл, тым не менш, сілаў на штурм не хапала. Радзівіл тайна пераманіў на свой бок заможных мяшчан і духавенства, і тыя ноччу 22 лютага адчынілі браму. Войска ўчыніла крывавую расправу, не пашчасціла і здраднікам. Кіраўнікі паўстання былі закатаваны страшнай смерцю. Так гетман Радзівіл выбіў казакаў з беларускіх гарадоў. Да вясны 1649 г. паўстанне пайшло на спад і Хмяльніцкі накіраваў новыя загоны на Беларусь. На тэрыторыю ВкЛ запарожцы перапраўляліся па бродах праз Днепр каля Лоева. Таму не выпадкова туды рушыў гетман ВкЛ Я. Радзівіл. Каля Лоева сканцэнтравалася вялікая казацкая сіла - атаманы і палкоўнікі Гаркуша, Падбайла, Міхаіл Крычэўскі (з беларусаў) з колькасцю казакаў каля 17 тыс. і сялян - 10 тыс. Паўстанцы 22 ліпеня атакавалі войскі Радзівіла, што збіраліся перайсці брод, але пацярпелі паражэнне. З гэтага часу дзеянні казакаў і паўстанцаў на Беларусі прынялі партызанскія формы. На Украіне дзеянні супраць палякаў так сама перапыніліся, бо ў жніўні 1649 г. быў падпісаны Збораўскі мір. Апошні не задаволіў казакаў, і Хмяльніцкі рыхтаваўся да новай вайны. Тым часам Ян Казімір паабяцаў амністыю ўдзельнікам паўстання, якія зложаць зброю, таму паўстанне на Беларусі стала сціхаць. Януш Радзівіл тым часам рыхтаваў пад Бабруйскам вялікае войска, якое павінна было з поўначы ўвайсці на Украіну. Калі ўлічваць антыпольскія настроі гетмана, то ён марыў аб вяртанні багатых украінскіх зямель у склад Вялікага княства, аднак мара не збылася.

У красавіку 1651 г. Хмяльніцкі аднавіў ваенныя дзеянні супраць палякаў, а на Беларусь паслаў заслон ад войск Радзівіла - загоны Нябабы і сына Юрыя. Казакі авалодалі Крычавам і зноў сустрэліся ў чэрвені на Дняпры з Радзівілам каля Лоеўскіх бродаў. Радзівіл зноў перамог казакаў і ўвайшоў на тэрыторыю Украіны, а 8 жніўня 1651 г. заняў Кіеў. Хмяльніцкі вымушаны быў падпісаць у верасні 1651 г. у г. Белая царква мірныя пагадненні, значна горшыя за папярэднія Збораўскія. Галоўнае для ВкЛ - ён выводзіў з беларускіх зямель усе атрады. Новы мір не пратрымаўся доўга - з 1653 г. ваенныя дзеянні казакаў аднавіліся, але зараз Хмяльніцкі прасіў дапамогі ў Масквы і атрымаў яе. Масква пайшла на чарговую вайну з Рэчу Паспалітай, а для Беларусі яна стала нацыянальнай катастрофай, “патопам”.

Вайна Масквы і Рэчы Паспалітай 1654-1667 гг., ці “патоп”. Хмяльніцкі прапанаваў маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу Раманаву аб’яднаць з Расіяй Украіну і дапамагчы ў заваяванні Беларусі - так званай “спадчыны" рускіх цароў. На Земскім саборы ў Маскве 1 кастрычніка 1653 г. былі прыняты рашэнні аб прыняцці Украіны ў склад Расіі (з правам пэўнай аўтаноміі) і вайне “супраць Польшчы”. Адначасова маскоўскі ўрад яшчэ раз спрабаваў вырашыць “балтыйскае пытанне" - атрымаць выхад да Балтыйскага мора. У студзені 1654 г. Пераслаўская рада згадзілася на злучэнне Украіны з Расіяй.

У княстве ведалі пра набліжэнне вайны. Кіруючыя колы - гетман Януш Радзівіл рыхтаваў войска і крэпасці, наадварот, простае насельніцтва чакала прыходу “добрага цара”, да того ж аднаверца, праваслаўнага.

Да вясны 1654 г. рускія сканцэнтравалі тры арміі агульнай колькасцю каля 80 тыс. чалавек. З поўначы стаяў Шарамецеў з 20 тыс. (накірунак - Віцебск, Полацк, Падвінне); у цэнтры было 40 тыс. войска Чаркаскага, які павінен быў заняць Смаленск і ісці на Барысаў; на поўдні - 20 тыс. арміі Трубяцкога ў супрацоўніцтве з 20 тыс. казакаў Залатарэнкі павінны былі займаць беларускія гарады. Гэтай ардзе супрацьстаяла войска ВкЛ - 20 тыс наёмнікаў і 10 тыс. апалчэнцаў, так званае паспалітае рушэнне.

Ваенныя дзеянні пачаліся ў маі 1654 г. Рускія арміі хутка захапілі Падзвінне - частка гарадоў адчыняла брамы, частка супраціўлялася. Гарады, якія прыходзілася браць штурмам, вынішчаліся (Мсціслаў), і наадварот, мяккія адносіны спачатку былі да гарадоў і дваран, што не ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях. У гэты час шляхта паказала сваю карыслівасць - яно прысягала рускаму цару і нават складала асобныя атрады ў складзе рускай арміі (так званая прысяжная шляхта). Але каталіцкае і ўніяцкае духавенства вынішчалася, не жалавалі яўрэяў. Пасля працяглых асад капітулявалі Магілёў (26 жніўня), Смаленск (23 верасня) і Віцебск (18 лістапада). Здача Смаленска па меркаванню шляхты адбылася ў выніку здрады ваяводы Абуховіча (аб гэтым распавядаецца ў “Лісце да Абуховіча”), але што мог зрабіць ваявода без войска і прыпасаў у дрэнна ўмацаванай крэпасці, на ўтрыманне якой агульны сейм Рэчы Паспалітай не выдзяляў грошы? Тым часам рускія арміі прадвігаліся ўглыб княства, войска канцлера ВкЛ Я. Радзівіла і гетмана В. Гансеўскага не магло стрымаць іх націск і даць генеральны бой, бо значныя страты былі б нават у выніку перамогі над адной з рускіх армій, а заставаліся яшчэ дзве і адкрыты прастор для іх дзеянняў. На поўдні Беларусі казакі Залатарэнкі занялі Гомель, Рэчыцу, Чачэрск і прасоўваліся ў напрамку Магілёва.

У гэты час з дазволу рускага цара магілёўскі шляхціц Канстанцін Паклонскі, які прысягнуў на вернасць Маскве, пачынае збіраць беларускі полк. Гэты полк (6 тыс. чалавек) удзельнічаў у штурме Магілёва, але дзякуючы Паклонскаму з горадам абышліся міласціва, нават захавалі самакіраванне. Абапіраючыся на Магілёў, Паклонскі ўмацоўвае свой полк, і тут ён сутыкаецца з інтарэсамі казакаў у Падняпроўі. Да таго ж і маскоўскія ўлады беспардоннымі паводзінамі і насіллем над жыхарамі адбіваюць у беларускага палкоўніка жаданне служыць акупантам. Паклонскі ўваходзіць у тайныя зносіны з Радзівілам, які восенню 1654 - зімой 1655 г. распачаў наступленне на пазіцыі рускіх. Радзівіл і Гансеўскі знялі аблогу са Старога Быхава, вызвалілі Оршу, Копысь, Дуброўна і падышлі да Магілёва. Ноччу 6 лютага 1655 г. Паклонскі адчыніў вароты горада, аднак далей знешнягя землянога вала войска ВкЛ пранікнуць не змагло. Радзівіл разам з Паклонскім адышлі да Бярэзіны, але канцлер Радзівіл падцвердзіў “палкоўніцтва" Паклонскага і ўзяў яго ў сваё войска.

Вясной 1655 г. пачалося новае наступленне рускай арміі. Былі заняты Мінск, Столін, Слонім, Клецк.26 ліпеня ў Ашмянскім павеце адбылася рашаючая бітва, ў якой войска Радзівіла было разбіта.31 ліпеня была захоплена і спалена Вільня, у жніўні Коўна і Гродна таксама былі акупіраваны. Уся Беларусь за выключэннем Старога Быхава, Бярэсця, Слуцка і Пінска кантралявалася маскоўскім царом. Гэта дало падставу Аляксею Міхайлавічу дадаць да свайго тытула, што ён самадзержац не толькі Вялікай, але яшчэ Малай і Белай Русі. Фактычна было абвешчана аб анэксіі тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага.

Але становішча рускіх войск у ВкЛ было не такім трывалым. У адказ на рабаўніцтва і насільны вывад насельніцтва ў Расію пачаліся народныя паўстанні супраць рускіх. Восенню 1655 г. абвастрыліся адносіны паміж рускімі і казакамі І. Залатарэнкі, якія пратандавалі на далучэнне паўднёвай Беларусі да Украіны. У выніку сутычак, Залатарэнка быў забіты, і казакі адышлі да Хмяльніцкага. У тым жа 1655 г. шведы пачалі канцэнтраваць войскі ў Прыбалтыке - яны так сама распачалі вайну супраць Польшчы.

Кіраўніцтва ВкЛ у асобе канцлера Януша Радзівіла шукала выйсці з надзвычайна цяжкіх абставін. Выратаванне бачылася яму ў цесным саюзе са Швецыяй, нават у дзяржаўнай уніі з ёй.17 жніўня 1655 г. было заключана Кейданскае пагадненне аб пераходзе ВкЛ пад пратэктарат Швецыі, аб’яўляўся саюз супраць агульнага ворага, Швецыя абавязалася вярнуць ВкЛ страчаныя тэрыторыі. Люблінская ўнія касавалася. Кейданскую ўнію падпісала каля паўтысячы шляхціцаў і паноў, але астатнія захавалі вернасць каралю Яну Казіміру. Тым не менш, шведы выбілі рускіх з Браслава, Друі і Дрысы. Адначасова шведская армія захапіла ўсю Польшчу разам з Варшавай і Кракавам (кароль Ян Казімір схаваўся ў Сілезіі). Рэч Паспалітая аказалася падзеленай паміж Расіяй і Швецыяй, але згоды паміж імі не было - па Кейданскаму дагавору Швецыя павінна была адваяваць у Расіі тэрыторыю ВкЛ. Гэтым скарысталіся верныя каралю Яну Казіміру дзяржаўныя дзеячы, якія падпісалі ў кастрычніку 1656 г. перамір’е з Расіяй і саюз супраць Швецыі. Распачалася руска-шведская вайна 1657-1660 гг. і працягвалася польска-шведская вайна 1655-1660 гг. У Польшчы паднялося народнае паўстанне, і шведы былі выгнаны, рускія з пераменным поспехам дзейнічалі ў Лівоніі. Шведы ў красавіку 1656 г. вымушаны былі пакінуць тэрыторыю ВкЛ, што азначала канец Кейданскай уніі. Да таго, большая частка шляхты і паноў пад кіраўніцтвам Сапегаў выступіла супраць Януша Радзівіла і шведаў.

У 1657 г. памёр Б. Хмяльніцкі і сітуацыя на Украіне змянілася карэнным чынам. Новы гетман Іван Выгоўскі ў 1658 г. падпісаў з палякамі Гадзяцкі дагавор, па якому Украіна пераходзіла на бок Рэчы Паспалітай, і на Беларусі атрад казацкага палкоўніка Івана Нячая пачаў ваяваць супраць рускіх войск. Аднак у канцы 1659 г. атрад Нячая быў разбіты рускімі, а на Украіне гетмана Выгоўскага замянілі Юрыем Хмяльніцкім - сынам Багдана Хмяльніцкага. Ён аднавіў саюз з Масквой, але рэальнай помачы рускаму цару не аказваў. Тым часам з 1659 г. узнавіліся паходы рускіх войскаў на Беларусь, былі захоплены Гародня і Бярэсце. Зараз яны адкрыта рабавалі і вынішчалі гарады і вёскі, насельніцтва выводзілі ў палон, асабліва актыўна адшуквалі рамеснікаў і майстроў, якіх вывозілі ў Маскву. Аднак гэта былі апошнія поспехі акупантаў. Сярод іх - захоп 25 чэрвеня 1660 г. Пінска.

Вясной 1660 г. Рэч Паспалітая і Швецыя падпісалі Оліўскае пагадненне аб міры, па якому першая канчаткова адмаўлялася ад уладанняў у Прыбалтыке (Ліфляндыі). Тым жа годам (1660) Юры Хмяльніцкі так сама пайшоў на пагадненне з Польшчай, па якому ануляваліся рашэнні Пераслаўскай рады 1654 г. Рэч Паспалітая накіравала сілы супраць маскоўскіх войск. Руская армія на Украіне капітулявала амаль адразу, у 1660 г. У чэрвені 1660 г. войскі ВкЛ пад кіраўніцтвам П. Сапегі і полькае войска пад камандаваннем С. Чарнецкага ў некалькіх пераможных бітвах разбілі рускую армію.3 ліпеня 1660 г. быў вызвалены Мінск (на 1656 г. у ім лічылася толькі 156 жыхароў), рускія адступілі да Смаленска. У лютым 1661 г. супраць рускага гарнізона паўстаў Магілёў, па яго прыкладу адбыліся паўстанні ў Дзісне, Себежы, Гомелі і ншых гарадах. У пачатку лістапада пад Кушлікамі каля Дзісны была разбіта вялікая руская армія Хаванскага і Орды-Нашчокіна і другая армія каля Глыбокага, у выніку чаго была вызвалена 2 снежня сталіца ВкЛ Вільня. Далейшая барацьба прыняла заця

Подобные работы:

Актуально: