Найбольш яскравыя прадстаўнiкi газеты "Наша Ніва"

Найбольш яскравыя прадстаўнiкi газеты «Наша Ніва»


«Наша Ніва» — беларуская газэта, найстарэйшая газэта на беларускай мове. Газэта «Наша Ніва» была ўтвораная ў 1906 годзе, і спачатку была органам Беларускае Сацыялістычнае грамады. Выходзіла на працягу 9 гадоў – да 1915 году. «Наша Ніва» стварыла магутны літаратурны рух. Яна стала цэнтрам усіх беларускіх пісьменьнікаў. Сярод іх найбольшую ролю адыгралі: Янка Купала, Максім Багдановіч, Зьмітрок Бядуля, Алесь Гарун, Францішак Аляхновіч, Цішка Гартны i iнш.

Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч) нарадзіўся 25.6 (7.7).1882 г. у сям'і беззямельнага арандатара. Бацькі Я. Купалы (Дамінік Ануфрыевіч Луцэвіч і Бянігна Іванаўна Валасевіч)  паходзілі са шляхты, аднак у выніку збяднення па эканамічнаму становішчу і спосабу жыцця з'яўляліся звычайнымі сялянамі-арандатарамі. У пошуках зямлі і працы бацькі Я.Купалы вымушаны былі пераязджаць з месца на месца. Вандроўнае жыццё перашкаджала будучаму паэту атрымаць сістэматычную адукацыю, таму малы Янка вучыўся ў вандроўных настаўнікаў, няні, Сенніцкім двухкласным народным вучылішчы (адну зіму), у прыватнай падрыхтоўчай школе ў Мінску (каля пяці месяцаў), Бяларуцкім двухкласным народным вучылішчы, якое скончыў у 1898 г. Вялікі ўплыў на светапогляд паэта аказала знаёмства з  памешчыкам З. Чаховічам, паплечнікам К.Каліноўскага. Я.Купала карыстаўся яго багатай бібліятэкай. У 1902 г. памёр бацька Я.Купалы, і, як старэйшы з семярых дзяцей, Ясь застаўся за гаспадара. Праз паўгода памёр малодшы брат Казік, а яшчэ праз тыдзень — сёстры Гэля і Сабіна. У пошуках заробкаў будучы паэт пайшоў «у людзі»: працаваў вандроўным настаўнікам, пісарам у судовага следчага, у канторы маёнтка Беліца Сенненскага пав. Магілёўскай губ. У сувязі з хваробай маці пакінуў службу і вярнуўся ў Селішча, дзе зноў працаваў на гаспадарцы. З 1905 па 1907 гг. Купала працаваў на вінакурных заводах (броварах) у якасці чорнарабочага. Восенню 1908 г. Я.Купала паехаў у Вільню, дзе ўладкаваўся на працу бібліятэкарам у прыватнай бібліятэцы «Веды» Б.Даніловіча і супрацоўнічаў у беларускай газеце «Наша ніва». Гэта быў перыяд самаадукацыі і творчага станаўлення паэта, пошуку духоўных арыенціраў, выпрацоўкі эстэтычных прынцыпаў і выспявання нацыянальна-адраджэнцкага светапогляду. Віленскі перыяд жыцця і дзейнасці Я.Купалы (1908—1909) скончыўся тым, што неспрыяльныя ўмовы, якія склаліся для яго ў рэдакцыі «Нашай нівы», прымусілі паэта пакінуць гэтае месца работы. Я.Купала прагнуў вучыцца далей і ў пачатку снежня 1909 г. з рэкамендацыйным лістом У.Самойлы да Б.Эпімах-Шыпілы паехаў у Пецярбург. З 1909 г. на працягу 4 гадоў, выязджаючы ўлетку да маці ў Акопы, Купала жыў у Пецярбургу, вучыўся там на агульнаадукацыйных курсах А.Чарняева, адчуваючы заўсёдную маральную і матэрыяльную апеку Б.Эпімах-Шыпілы. Вучоба на курсах дапамагла сістэматызаваць і папоўніць веды, атрыманыя шляхам самаадукацыі. Сваёй творчасцю пецярбургскага перыяду (1910—13) Я.Купала ўводзіў беларускую літаратуру ў еўрапейскі культурны кантэкст. У Пецярбургу ён прымаў удзел у рабоце навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага універсітэта, пазнаёміўся са стваральнікам першага беларускага тэатра І.Буйніцкім, з многімі рускімі пісьменнікамі. Гэтыя гады былі для паэта часам напружанай вучобы, работы над сабой і, канешне ж, творчасці. Пасля заканчэння вучобы ў Пецярубргу (1913) Я.Купала вярнуўся ў Вільню і пачаў працаваць сакратаром у «Беларускім выдавецкім таварыстве», затым перайшоў у рэдакцыю газеты «Наша ніва». З сакавіка 1914 г. газета пачала выходзіць за подпісам Я. Купалы як адказнага рэдактара (фактычна абавязкі рэдактара ён пачаў выконваць значна раней). У студзені 1915 г. камітэт па справах друку ў Вільні ўзбудзіў супраць яго як рэдактара «Нашай нівы» судовую справу за надрукаванне артыкула «Думкі». У сувязі з набліжэннем лініі фронта Першай сусветнай вайны 8 жніўня 1915 г. Я.Купала эвакуіраваўся з Вільні. Ён наведаў у Акопах маці, па запрашэнні свайго знаёмага С.Жывапісцава выехаў ў Арол, а потым у Маскву, дзе паступіў у народны універсітэт імя А.Шаняўскага на гісторыка-філасофскі факультэт. 23 студзеня 1916 г. у Маскве Я.Купала ажаніўся з Уладзіславай Францаўнай Станкевіч. Неўзабаве яго прызвалі ў армію: некалькі месяцаў служыў у Мінску старшым рабочым у дарожна-будаўнічым атрадзе, а затым у Полацку і Смаленску. З ліпеня 1918 г. Купала працаваў агентам па забеспячэнні харчамі Заходняй вобласці, разам з М.Гарэцкім быў слухачом факультэта гісторыі мастацтваў Смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстьпута. У 1919 г., пасля абвяшчэння БССР, Я.Купала пераехаў на сталае жыхарства ў Мінск. Тут ён працаваў загадчыкам бібліятэкі пры Беларускай хатцы, рэдагаваў часопісы «Рунь» (1920) і «Вольны сцяг» (1920—1922). У гэты час цяжка хварэў, аднак, акрыяўшы, зноў вярнуўся да актыўнай грамадскай і літаратурнай дзейнасці. З пачатку 1921 г. Я. Купала працаваў намеснікам загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Народнага камісарыята асветы БССР, уваходзіў у склад Акадэмічнай каміссіі Акадэмічнага цэнтра Наркамасветы БССР па ўкладанню і апрацоўцы беларускай тэрміналогіі. З'яўляўся членам навукова-літаратурнай (а пасля навукова-рэдакцыйнай) калегіі Наркамасветы БССР. У 1921 г. адбыўся інцыдэнт з уладамі: на паэта быў накладзены хатні арышт і канфіскаваны рукапісы. Я.Купала быў сярод ініцыятараў стварэння Беларускага драматычнага тэатра (1920), Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1921), Інстытута беларускай культуры (1922, абраны яго правадзейным членам). Прымаў удзел у Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). Разам з Я.Коласам, Ц.Гартным, А.Гурло, М.Чаротам і іншымі пісьменнікамі быў адным з ініцыятараў стварэння літаратурнага аб'яднання беларускіх пісьменнікаў «Полымя». У 1925 г. Янку Купалу першаму сярод беларускіх літаратараў было прысвоена званне Народны паэт Беларусі. Аднак ужо набліжаліся злавесныя 30-я гады, калі ўсё нацыянальна значнае ў мастацтве абвяшчалася класава варожым і шкодным. Творы Я.Купалы (зборнікі «Жалейка», «Гусляр») падвяргаліся значнай цэнзурнай праўцы. Летам 1930 г. у друку з'явіўся артыкул Л.Бэндэ «Шлях паэта», у якім паэт абвяшчаўся «ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму». У 1930 г. у Акопах былі раскулачаны маці і сястра паэта і прызначаны да высылкі ў Котлас. Актывізацыя сталінскага тэрору, барацьба з так званай «нацдэмаўшчынай» прывяла ўлетку 1930 г. да шматлікіх арыштаў сярод пісьменнікаў, дзеячаў навукі, асветы, культуры. Я.Купалы тады не трапіў за краты, але яго рэгулярна выклікалі на допыты ў ДПУ, дзе патрабавалі паказанняў аб «контррэвалюцыйнай» арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі», лідэрам якой ён нібыта быў. Узвесці такі паклёп на сябе і на іншых паэт не мог, на допытах праяўляў мужнасць і высакароднасць, што было адзначана і ягонымі следчымі. 27 лістапада 1930 г. Я.Купала зрабіў спробу самагубства. Аднак яго жыццё ўдалося выратаваць. У 1930-я гг. вонкава стварылася ўражанне, нібыта Купала сапраўды быў у гушчы літаратурнага і грамадскага жыцця: ён удзельнічаў у розных камітэтах і камісіях па ўшанаванні памяці і правядзенні юбілеяў класікаў рускай і нацыянальных літаратур, быў дэлегатам тагачасных урачыстых літаратурных форумаў і з'ездаў. Аднак гэта ўсё было толькі знешне, своеасаблівым пампезным камуфляжам, за якім правіў баль тэрор. У 1934 г. Я.Купала, дзякуючы спецыяльным загадам М.Горкага і рэдактара «Известий» І.Гронскага, якія ратавалі яго ад рэпрэсій, удзельнічаў у рабоце 1-га з'езда Савецкіх пісьменнікаў БССР, выбраны членам Праўлення і дэлегатам на 1-ы з'езд ССП СССР з правам рашаючага галасу. У 1937 г. Я.Купала зноў аказаўся ў спісе чарговых ахвяраў рэпрэсій сярод тых нешматлікіх пісьменнікаў, хто яшчэ заставаўся на свабодзе. Аднак расправу над паэтам удалося адцягнуць яшчэ на пяць гадоў. Ён быў нават выбраны ў склад новага бюро секцьіі паэзіі ССП БССР (1937), у склад прэзідыума Праўлення ССП СССР (1939), дэпутатам Мінскага гарадскога Савета. У 1939 г. разам з брыгадай беларускіх пісьменнікаў удзельнічаў у рабоце Народнага сходу Заходняй Беларусі, які прыняў Дэкларацыю аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад БССР. У першыя ж дні вайны ў Мінску ад варожых бомбаў згарэла хата паэта з яго вялікім архівам і бібліятэкай. У ліпені агнём нямецкай артылерыі знішчана дача паэта ў Ляўках. 30 чэрвеня Купала выехаў з Ляўкоў у Маскву. З лістапада 1941 г. да сярэдзіны чэрвеня 1942 г. жыў каля Казані — у пасёлку Пячышчы. З самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны паэт сваім словам уключыўся ў барацьбу з фашысцкімі захопнікамі: быў абраны членам прэзідыума Усеславянскага антыфашысцкага камітэта, выступаў на антыфашысцкім мітынгу, разам з А.Талстым, А.Карнейчуком, В.Васілеўскай, З.Неедлым і іншымі ўдзельнікамі мітынгу падпісаў адозву да братоў-славян з заклікам узняцца на вызваленчую барацьбу супраць фашызму. 18 чэрвеня 1942 г. Я.Купала прыехаў у Маскву, а 28 чэрвеня ў гасцініцы «Масква» ён трагічна загінуў — упаў у лесвічны пралёт з 10-га паверха. Існуюць тры версіі гібелі паэта: няшчасны выпадак, самагубства, забойства. Афіцыйна доўгі час падтрымлівалася першая версія. У эмігранцкім беларускім друку смерць паэта звязвалася з самагубствам. Публікацыі канца 1980-х гг. (Б.Сачанка, Г.Колас і інш.), у якіх супастаўляюцца факты, аналізуюцца сведчанні відавочцаў і меркаванні блізкіх людзей, даюць падставу лічыць, што Я. Купала быў забіты агентамі дзяржбяспекі. Матэрыялы камісіі, якая займалася высвятленнем абставін яго гібелі, да гэтага часу засакрэчаныя, таму дакументальнага пацверджання пакуль што ніводная з версій не мае. 1 ліпеня 1942 г. пасля крэмацыі Я.Купала быў пахаваны ў Маскве. У 1962 г. урна з прахам Купалы перавезена ў Мінск і пахавана на Вайсковых могілках.

Памяць пра Янку Купалу свята ўшаноўваецца беларускім народам. Яго імя прысвоена Беларускаму Дзяржаўнаму акадэмічнаму тэатру ў Мінску, Інстытуту літаратуры АН Беларусі, Гродзенскаму дзяржаўнаму універсітэту. У Мінску створаны Літаратурны музей Янкі Купалы, арганізатарам і першым дырэктарам якога была ўдава паэта У.Ф.Луцэвіч (1891—1960). На радзіме Я.Купалы, у Вязынцы, адкрыты філіял Літаратурнага музея, створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», дзе штогод у 1-ю дэкаду ліпеня праводзяцца купалаўскія святы пазіі. Помнікі Янку Купалу ўзвышаюцца ў Мінску (у парку імя Янкі Купалы і на Вайсковых могілках на магіле паэта). Помнікі-бюсты Купалы ўстаноўлены ў многіх населеных пунктах Беларусі, а таксама за мяжой (у прыватнасці, у Араў-парку ў ЗША). Імем Купалы названы многія вуліцы, а таксама шматлікія ўстановы (школы, калгасы, бібліятэкі і г. д.), прычым не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі (напрыклад, імя Купалы ў 1932 г. прысвоена бібліятэцы-чытальні пры аб'яднанні «Асвета» у г. Порту-Алегра ў Бразіліі). Пастановай Савета Міністраў БССР у 1959 г. устаноўлена Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы (з 1965 г. Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы).

Вобраз Янкі Купалы заняў годнае месца ў літаратуры і мастацтве. Яму прысвечаны вершы і п'есы, музычныя і кінематаграфічныя, жывапісныя і графічныя творы. Сюжэты твораў самога Я. Купалы служаць крыніцай для іншых відаў мастацтва (музыкі, эстрады, балета і г. д.).

Найбольш моцна талент Я. Купалы выявіўся ў паэзіі. Прычым вобразна-выяўленчая, стылёвая і жанравая палітра паэзіі Я. Купалы вельмі шырокая: ён і ўласна лірык (пераважна рамантык), і аўтар шэрагу паэм, у тым ліку і драматычных.

Свой першы літаратурны твор Я.Купала напісаў у 1903 г. у в. Селішчы: гэта быў верш, прысвечаны сястры Леакадзіі ў дзень яе нараджэння. Пачынаў пісаць па-польску (некалькі вершаў былі надрукаваны ў польскім часоцісе «Ziarno» («Зерне»). Па сведчанні паэта, «Дудка беларуская» Ф.Багушэвіча і «Гапон» В.Дуніна-Марцінкевіча канчаткова пераканалі яго, што менавіта родным словам, а не рускай або польскай мовай ён зможа выказаць у вершах душу і запаветныя думкі беларускага народа. На выбар мовы творчасці Я. Купалы аказалі таксама моцны ўплыў Ядвігін Ш. і У. Самойла (вядомы беларускі публіцыст і літаратурны крытык).

Першы беларускі верш Я.Купалы «Мужык» быў апублікаваны ў мінскай газеце «Северо-Западный край» 15 мая 1905 г. З 1907 г. вершы паэта сістэматычна друкаваліся ў газеце «Наша ніва». Іх тэматыка — прыгнечанае бяспраўнае жыццё беларускага селяніна, краса роднага краю, прыгажосць стваральнай працы чалавека. Ужо ў ранніх творах Купалы акрэсліваецца ідэя свабоды — нацыянальнага, сацыяльнага і духоўнага разнявольвання чалавека — як вызначальная ідэя ўсёй яго творчасці. У 1908 г. у Пецярбургу выйшла першая кніга паэзіі Я.Купалы «Жалейка», якая двойчы канфіскоўвалася: першы раз па распараджэнні Пецярбургскага камітэта па справах друку, другі — па прадпісанні віленскай адміністрацыі. Другі зборнік вершаў Я.Купалы «Гусляр» выдадзены лацінкай (Пецярбург, 1910). У адрозненне ад «Жалейкі» з яе элегічнасцю, плачам над адвечнай нядоляй селяніна, у «Гусляры» выразна праяўляецца рамантычнае светаадчуванне аўтара, акрэсліваецца філасофская, экспрэсіянісцкая плынь яго лірыкі. Са шматлікіх вершаў «Гусляра» паўстае рамантычны вобраз паэта як «сына міра», прарока, што сам спазнаў таямніцы свету і жадае адчыніць іх людзям. Моцным акордам гучыць эсхаталагічная тэма, матыў самотнасці і разгубленасці лірычнага героя, які гатовы праклясці ўвесь свет і забыцца ў вечным сне. Менавіта ў «Гусляры» — выданні часоў, калі грамадства перажывала перыяд рэакцыі, — найбольш выразна адбілася рамантычнае раздваенне душы лірычнага героя, у якой суіснуюць адчуванні далучанасці да Сусвету, пачуццё абранасці і высокай наканаванасці чалавека, а з другога боку, бяссілле і адчай пры сутыкненні з чужой і варожай рэчаіснасцю. Гэтыя матывы гучалі не толькі ў філасофскай медытатыўнай лірыцы, але і ў творах баладнага жанру («Памяці С.Палуяна»), драматычнай паэме «Адвечная песня».

Творча плённым, узлётным для Я.Купалы быў перыяд 1910—1913 гг., калі ён вучыўся ў Пецярбургу, а ўлетку жыў у Акопах, дзе напісаны буйнейшыя творы гэтай пары. Трэці паэтычны зборнік Я.Купалы «Шляхам жыцця» (1913) быў фактычна вяршынным дасягненнем тагачаснай беларускай літаратуры, а яго аўтар стаў бясспрэчным яе лідэрам. У вершах і іншых па жанру творах гэтага зборніка выразна адбіўся патрыятызм і глыбінны гістарызм паэта, найбольш яскрава ўвасобілася ідэя свабоды і абуджэння нацыянальнай свядомасці беларускага народа. Купала імкнуўся абудзіць у чытача пачуццё гордасці і ўдзячнасці да продкаў, якія былі здольныя захоўваць сваю дзяржаўнасць і незалежнасць, бараніць зямлю ад ворагаў, развіваць адметную культуру («Над Нёманам», «На куццю», «На дзяды» і інш.): многія з твораў, дзе развіваліся такія матывы, былі ў пазнейшы час забароненымі, не ўваходзілі ў зборы твораў і не перадрукоўваліся да канца 1980-х гг. Адраджэнцкі, нацыянальны характар творчасці Я.Купалы праяўляўся і ў вершах рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, у якіх паэт апяваў набліжэнне светлых перамен у жыцці, услаўляў будучыню, прадвесцем якой для яго быў створаны паэтычным уяўленнем вобраз Маладой Беларусі, абуджанай да гістарычнага самасцвярджэння (вершы «Маладая Беларусь» («Вольны вецер напеў...»), «Бацькаўшчына», «Выйдзі» і інш). У вобразе Прарока (Званара, Гусляра), які прымаў аблічча Падарожнага, Незнаёмага, паэт прадракаў Вялікі Сход, дзе будзе вырашаны нацыянальны лёс народаў і сацыяльны лёс працоўных. У 1914—1915 гг. з'яўляецца цыкл яго вершаў «Песні вайны», шэдэўры любоўнай лірыкі («Таей даўгажданай», «Сыйду», «На вуліцы», «Мусіць трэба было», «А яна...»). На працягу трох наступных гадоў Купала, перажываючы разам з народам цяжкі перыяд нацыянальнай гісторыі, вершаў не пісаў, зноў пачаў тварыць толькі ў канцы 1918 г. Яго вершы той пары «Званы», «Буралом», «Спадчына», «Рунь», «Першы снег», «Паязжане» і інш. — гэта роздум аб гістарычных шляхах Бацькаўшчыны, вынашаны ў трохгадовым маўчанні, прасякнуты ўласцівай паэту філасофскай глыбінёй. Гэтыя вершы ўвайшлі ў чацвёртую паэтычную кнігу Купалы «Спадчына» (1922). Зборнік выклікаў пэўнае расчараванне тагачаснай крытыкі, якая чакала ад паэта новых тэм і матываў — услаўлення Кастрычніка і прынесеных ім жыццёвых перамен. Купала ж заставаўся песняром Бацькаўшчыны, палітычнае становішча якой у гэты перыяд было вельмі складаным. Мастацкі позірк паэта імкнуўся вылучыць сутнасць падзей, іх суаднесенасць з каштоўнасцю кожнага асобнага чалавека. Ён бачыў і адчуваў, як у рэвалюцыйнай віхуры нішчацца і руйнуюцца лёсы, як родныя людзі становяцца па розныя бакі барыкад, як пошукі выйсця абарочваюцца бездарожжам. Таму ў яго лірыцы па-ранейшаму гучалі драматычныя і трагічныя ноты, жаданым заставаўся ідэал свабоднай Бацькаўшчыны. Другую паслярэвалюцыйную кнігу Я.Купалы «Безназоўнае» (1925) склалі вершы, пераважна створаныя ў 1919 і 1921 гг., а таксама аднайменная паэма, напісаная ў 1924 г. Многім даследчыкам у кнізе бачылася адлюстраванне ранейшых нацыянальна-адраджэнцкіх поглядаў аўтара і тлумачылася як негатыўная з'ява. Для Купалы ж вершы ў кнізе і паэма «Безназоўнае» былі арганічным, паслядоўным выяўленнем яго творчага «я». Паэт не адступаў ад сваёй канцэпцыі чалавека, апірышчам духоўнасці для якога і ў перайначаным пралетарскай рэвалюцыяй свеце заставаліся «сны аб Беларусі».

У 30-я гады, калі творчае самавыяўленне станавілася немагчымым, Купала ўсё ж імкнуўся асэнсаваць плынь жыцця, каб стварыць адэкватны мастацкі вобраз. Аднак дыктат рэчаіснасці над воляй мастака непазбежна прыводзіў да таго, што шлях творчай эвалюцыі Купалы ў гэтыя гады — гэта шлях ад адраджэнцкага рамантызму з яго культам духоўна разняволенай асобы і нацыянальнай незалежнасці да твораў рэпартажнага характару, мастацкі ракурс якіх быў прадвызначаны пануючай ідэалогіяй (паэма «Над ракой Арэсай»). Хаця ў некаторых яго вершах Ляўкоўскага цыклу («Алеся», «Лён», "Хлопчык і лётчык") творчае самавыяўленне аўтара дасягнула пэўнай вышыні. У 1940 г. выйшла кніга паэзіі «Ад сэрца», куды былі ўключаны вершы 1937—1939 гг. і паэма «Тарасова доля».

Як у дарэвалюцыйны, так і ў савецкі час Я. Купала разважаў над прызначэннем мастака-творцы, яго месца і ролі ў грамадскім жыцці народа, нацыі. Гэта адлюстравалася ў такіх вершах паэта, як «Я не для вас...», «За ўсё», «З кутка жаданняў», «З маіх песень», «Песня мая», «Мая навука».

Пераважна як трагічныя, абумоўленыя разарванасцю адзінага народа на дзве часткі, гучалі ў лірыцы Я. Купалы 1920—1930-х гг. заходнебеларускія матывы («У Вісле плавае тапелец», «Па Даўгінаўскім гасцінцы», «На паграніччы» і інш.) 

У час Вялікай Айчыннай вайны Я. Купала сваім палымяным словам заклікаў да абароны Радзімы, да змагання супраць фашыстаў («Беларускім партызанам», «Грабежнік», «Дзевяць асінавых колляў», «Зноў будзем шчасце мець і волю»).

Я. Купала ўнёс велізарны ўклад у развіццё і станаўленне жанру паэмы ў беларускай літаратуры. Усяго (разам з незакончанай "Гарыславай") яго пяру належыць 20 паэм.

Умоўна паэмы Я. Купалы можна падзяліць на  г. зв. дакастрычніцкія і савецкага часу. Прычым гэты падзел не поўнасцю абумоўлены сацыялогіяй, важную ролю адыгрываюць тут і ўласна творчыя моманты і фактары.

У межах дакастрычніцкіх паэм вылучаюць раннія паэмы перыяду 1905—1907 гг. ("Зімою", "Нікому", "Калека", "Адплата кахання"). Гэтыя творы, а таксама напісаныя крыху пазней "У піліпаўку" і "За што?" шэраг даследчыкаў лічыць не ўласна паэмамі, а вершаванымі апавяданнямі або аповесцямі. Названыя творы ў многім вучнёўскія. Дадзеная акалічнасць абумовіла такія іх якасці і рысы, як перавага аповеду над абагульняючым паэмным асэнсаваннем падзей, а таксама меладраматызм зместу.

Другая група дакастрычніцкіх паэм Я. Купалы — г. зв. фальклорна-рамантычныя (або фальклорна-гераічныя ці, урэшце, героіка-рамантычныя). Яе складаюць такія творы, як "Курган" (1910), "Бандароўна" і "Магіла льва" (абедзве — 1913). У дадзеных творах выводзіцца на авансцэну і паэтызуецца моцная, нават можна сказаць, гераічная асоба (Гусляр, Бандароўна, Машэка). Іншая і стылістыка гэтых паэм у параўнанні з раннімі. Тут ужо Купала паўстае ўласна паэтам-рамантыкам (неарамантыкам), думка якога лунае над усім светам, дасягаючы незвычайнай экспрэсіўнасці і моцы.

Трэцяя група дакастрычніцкіх паэм Я. Купалы — драматычныя (або драматызаваныя), куды ўваходзяць такія творы, як "Адвечная песня" (1908), "Сон на кургане" (1910), "На Куццю" (1911),  "На папасе" (1913). У цэнтры іх таксама моцная, незвычайная асоба (Мужык, Сам, Князь з Княжнай, Незнаёмы). Спецыфіка драматызаваных паэм вымагала моцнага, напружанага канфлікту, пошукаў героямі высокіх ідэалаў, барацьбы са знешнімі варожымі сіламі і неспрыяльнымі абставінамі. Акрамя таго, цэнтральныя персанажы вядуць унутры сваіх уласных характараў складаную псіхалагічную барацьбу. Такім чынам, можна весці гаворку і аб трагедыйнасці як важнай уласцівасці і танальнасці названых паэм.

Асабняком сярод дакастрычніцкіх паэм Я. Купалы стаіць паэма "Яна і Я" (1913). Твор лірычны па сваёй танальнасці. Дадзеная паэма — светлы гімн чалавечай працы, маладосці, каханню, прыгажосці навакольнага свету.

У савецкі час Я. Купалам былі напісаны такія паэмы, як "Безназоўнае" (1924), "З угодкавых настрояў" (1927), "Над ракой Арэсай" (1933), "Барысаў" (1934), "Тарасова доля" (1939). Адпаведна, што час з яго ідэалагічным дыктатам наклаў адбітак на дадзеныя рэчы (найбольш выразна гэта адчуваецца ў паэмах "З угодкавых настрояў", "Над ракой Арэсай" і "Барысаў"). Аднак усё роўна ў іх бачыцца почырк Купалы, няхай і крыху зламанага палітычнымі рэпрэсіямі, аднак яшчэ здольнага ўзняцца (праўда, ужо не ўсюды і не заўсёды) над звычайным адлюстраваннем і апісальнасцю, перадаць высокія думкі і пачуцці. Найбольш гэта характэрна для паэмы "Безназоўнае", дзе Купала алегарычна перадаў свой неўтаймоўны боль за родную Беларусь, якая ў новых палітычных абставінах павінна зноў прыстасоўвацца да чужой волі, чужых законаў і форм жыцця.

Я.Купала стаў таксама прызнаным нацыянальным драматургам. Яго камедыя «Паўлінка» (напісана ў 1912 г., пастаўлена Беларускім музычна-драматычным гуртком у Вільні ў 1913 г.) як твор класічнай беларускай драматургіі не сыходзіць са сцэны да гэтага часу і з'яўляецца візітнай карткай Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы ў Мінску. Заўважым, што пры ўсёй знешняй камедыйнасці твора ў ім Купала закранаў і важныя сацыяльныя пытанні, а менавіта барацьбу новай, маладой і перадавой Беларусі  (Паўлінка, Якім Сарока) з аджыўшымі саслоўнымі правіламі і нормамі (Сцяпан Крыніцкі).

Купала — аўтар сацыяльна-псіхалагічнай драмы «Раскіданае гняздо» (напісана ў 1913 г., пастаўлена Першым таварыствам беларускай драмы і камедыі ў Мінску ў 1917 г.). Наогул гэта твор трагедыйнага напаўнення і гучання. Гісторыя сям'і Зяблікаў перадала трагедыю ўсяго беларускага народа, які не мае ні сваёй уласнай зямлі, ні ўзаконенай мовы, ні самых звычайных умоў для нармальнага чалавечага існавання.

У 1913  г. Я. Купала стварыў сцэнічны жарт «Прымакі, які па сваёй танальнасці, стылістыцы і структуры вельмі блізкі да вадэвіля. Смешная, з элементамі анекдатызму гісторыя, у якой вясковыя мужыкі, каб высветліць, чыя ж жонка ўсё-такі горшая, памяняліся імі пасля наведвання манаполькі, і зараз ставіцца на сцэнах прафесійных і самадзейных тэатраў.

Сатырычная камедыя «Тутэйшыя» (напісана ў 1922 г., пастаўлена БДТ-1 у 1926 г.), у якой гучала ідэя нацыянальнай незалежнасці Беларусі як ад Захаду, так і Усходу, доўгі час была ў ліку забароненых твораў. Цэнтральным персанажам гэтага твора, па сутнасці, з'яўляецца сама Беларусь — як адзіная непадзельная каштоўнасць, якой усёй душой імкнуцца служыць Аленка і Янка Здольнік, якую гатовы выгадна прадаць Мікіта Зносак і якую імкнуцца падзяліць ці падпарадкаваць сабе кожныя новыя ўладары ў пераломны час.

Характэрным і ў многім паказальным для творчасці Я. Купалы ў сэнсе яе важнасці і значнасці для народа і нацыі ў цэлым з'яўляецца тое, што драматычныя паэмы песняра "На Куццю" і "На папасе", у якіх аўтар закрануў пытанні беларускай дзяржаўнасці, а таксама інтэлігенцыі (асабліва творчай) як генератара ідэй нацыі, "павадыра" народа, былі адаптаваны да сцэны (г. зн. перайшлі ў разрад уласна драматургіі) і ставіліся тэатральнымі калектывамі (у асноўным самадзейнымі), прычым не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі (у Латвіі, ЗША, Канадзе).   

Я.Купала стаяў ля вытокаў нацыянальнай публіцыстыкі і журналістыкі як самастойнай галіны літаратурнай дзейнасці. Яго дарэвалюцыйныя публіцыстычныя творы заклікалі да паляпшэння сацыяльнага становішча шырокіх народных мас Беларусі («Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры», «З гуты Залессе»), закраналі праблемы нацыянальнай самасвядомасці («Ці маем мы права выракацца роднай мовы», «Святкаванне Купалы ў Вільні», «Вера і нацыянальнасць» і інш.). У публіцыстыцы перыяду рэвалюцыі і грамадзянскай вайны паэт пісаў аб шляхах беларускага народа да нацыянальнага самавызначэння, закранаў праблемы нацыянальнай палітыкі Савецкай улады пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Можна таксама весці гаворку аб Купале-крытыку. У 1913 г. пад псеўданімам Адзін з «парнаснікаў» Купала артыкулам «Чаму плача песня наша» прыняў удзел у вядомай дыскусіі з В.Ластоўскім (Юркам Верашчакам), у ходзе якой фактычна выпрацоўваліся і сцвярджаліся эстэтычныя прынцыпы тагачаснай беларускай літаратуры (не толькі ўстаноўка яе на народнасць і дэмакратызм, але і арыентацыя на высокі мастацкі ўзровень, упоравень з еўрапейскай літаратурай).

Шмат і плённа, на працягу ўсёй творчай дзейнасці, Я.Купала займаўся перакладам, адаптуючы да нацыянальнай культуры творы многіх рускіх і польскіх пісьменнікаў. Купала зрабіў таксама  мастацкі пераклад «Слова аб палку Ігаравым» (празаічны ў 1919 г., паэтычны ў 1920 г.), пераклаў «Інтэрнацыянал» Э.Пацье (1921).

Змітрок Бядуля (Самуіл Яфімавіч Плаўнік) нарадзіўся 23 красавіка 1886 г. у небагатай яўрэйскай сям'і ў маленькім мястэчку Пасадзец. Бацька пісьменніка перапробаваў мноства заняткаў: быў арандатарам, дробным гандляром. Нарэшце знайшоў месца прыказчыка ў купца-лесапрамыслоўца. Сям'я будучага пісьменніка была настолькі бедная, што напачатку не мела нават уласнай хаты. Жылі ў дзеда, адзінага ў мястэчку каваля і медніка, які, заўважым, з’яўляўся заўзятым кніжнікам, меў у маленькім мястэчку бібліятэку. Бацька Бядулі любіў музыку — іграў на скрыпцы. Спачатку Бядуля вучыўся ў пачатковай яўрэйскай школе — хедары. Затым паступіў у яўрэйскую духоўную семінарыю (ешыбот), але правучыўся там нядоўга з-за ўласнага нежадання ісці далей па рэлігійна-духоўнай частцы. Змітрок Бядуля быў дэмакратычна настроены малады чалавек. Але, скажам, у адрозненне ад Янкі Купалы, Якуба Коласа сацыяльныя пытанні краналі яго слабей. У ягонай ранняй творчасці амаль не заўважаем уплыву бурных падзей першай рускай рэвалюцыі.

Пачаткам літаратурнай дзейнасці Змітрака Бядулі трэба лічыць 1907 г. Ён пачынае пісаць вершы на рускай мове. Некаторыя з іх пасылаў у пецярбургскія часопісы «Аргус» і «Журнал для всех». Супрацоўнікі рэдакцый вершы хвалілі, але пакуль што не друкавалі. З. Бядуля наладжвае сувязь з рэдакцыяй «Нашай Нівы». Першым мастацкім творам, які надрукавала «Наша Ніва» 23 верасня 1910 г., была імпрэсія «Пяюць начлежнікі». Гэты твор кладзе пачатак сур'ёзнай літаратурнай дзейнасці Змітрака Бядулі. Псеўданім пісьменніка, відаць, фальклорнага паходжання. У беларускіх казках, якія пісьменнік збіраў, вывучаў усё жыццё, ёсць вобраз добрага, спагадлівага дзядка Бядулі, які ходзіць па свеце, суцяшаючы малых, пакінутых бацькамі дзяцей, розных сірот, бяздомкаў.

У 1912 г. Змітрок Бядуля накіроўваецца ў Вільню, у «Нашу Ніву», праз пэўны час уваходзіць у склад яе супрацоўнікаў. Калі ў 1914 г. Янка Купала становіцца рэдактарам «Нашай Нівы», З. Бядуля працуе ў рэдакцыі адказным сакратаром. Цікава, што назву першага зборніка З. Бядулі «Абразкі» (1913) прыдумаў Купала. У Бядулі зборнік напачатку называўся «Плач пралескаў».

З. Бядулю была блізкай дэкадэнцкая літаратура пачатку 1910-х гадоў — паэзія ночы, змроку, сутоння, захадаў сонца і ўзыходу на неба бледнага, таямнічага месяца. Можам лёгка пераканацца, што такіх вобразаў у вершах Бядулі 1907—1917 гг. аж занадта. Сузіральная, пераважна пейзажная лірыка Бядулі 1907—1917 гг. тоіць у сабе элементы сімвалізму. Асноўная родавая прыкмета паэтаў-сімвалістаў — паэтычнае іншасказанне, калі словы губляюць свой звычайны агульнавядомы сэнс і ўжываюцца ў значэнні пераносным, пашыральным. У Бядулі гэтага няма. Але стоены, прыхаваны, які вынікае як бы між радкоў, сэнс у іх ёсць. Як і многія сімвалісты, З. Бядуля надае выключнае значэнне музыцы верша. Гэта тонка нюансіраваныя эмацыянальныя сугуччы, часта пры нязначнасці, мізэрнасці зместу верша, радок, які неаднаразова паўтараецца, нібы гаворыць, што ў паэзіі на першым месцы, не логіка, а настрой, пачуццё:

Сняжыначкі-пушыначкі

Ляцелі матылькамі.

Над хмызамі над шызымі

Дыміліся дымкамі.

Зіхцеліся, мігцеліся

У розныя калёры.

Драбнюткія, пякнюткія,

Як зоранькі, як зоры.

("Сняжыначкі")

Доўгі час Змітрок Бядуля падпісваў вершы псеўданімам Ясакар. Цяжка растлумачыць гэты псеўданім. Ясакар — пірамідальная таполя, тонкая, стромкая, з прыціснутымі да ствала галінамі. Зрокавае ўражанне такое, што дрэва гэтае нібы страла ірвецца ў неба. Паэзія З. Бядулі таксама як бы імкнецца ў паднябесныя высі. Можа, па той прычыне, што мала знаходзіць на зямлі ідэальнага, прыгожага, незвычайнага. Бядуля-Ясакар, гэтак жа як Максім Багдановіч, прынёс у беларускую паэзію штосьці новае, чаго да яго яна не мела. Ва ўсялякім выпадку, адзнаку інтэлігентнасці, культ пачуцця, замілаванасці да прыгажосці, разлітай у навакольным свеце. Вершы З. Бядулі сведчаць, што ён добра прачытаў А. Блока, В. Брусава, найбольш захапіўшыся імпрэсіянісцкай плынню, якая як бы знутры запаўняе паэзію сімвалістаў. З. Бядуля пераняў ад імпрэсіяністаў (праз сімвалізм) дасканалую гукавую інструментоўку вершаў, багаты, разнастайны рытм, «уменне перадаць найтанчэйшыя адценні чалавечых настрояў» (Дворкіна Ю. Творчасць Змітрака Бядулі // Полымя рэвалюцыі. 1940. № 9—10. С. 19.).

Лірычныя празаічныя мініяцюры З. Бядулі (імпрэсіі), у адрозненне ад вершаў, часцей друкаваліся ў «Нашай Ніве», і, відаць, больш за ўсё менавіта яны, а не вершы зрабілі яму літаратурнае імя. У 1913 г. у Пецярбурзе ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выходзіць зборнік З. Бядулі «Абразкі». Усе творы, якія ўвайшлі ў зборнік, у 1913 г. надрукаваў альманах «Маладая Беларусь». Самыя вядомыя імпрэсіі-абразкі З. Бядулі — «Ля вапеннай гары», «За тканінай», «Без споведзі», «Пастушка».

Пісаў З. Бядуля ў дарэвалюцыйны час і ўласна апавяданні ў пераважна рэалістычным рэчышчы, многія з якіх сталі хрэстаматыйнымі: «Пяць лыжак заціркі» (1912), «Малыя дрывасекі» (1914), «На каляды к сыну» (1913), «Вялікодныя яйкі» (1913), «Летапісцы» (1914). Апавяданні гэтыя — дыяменты, залатыя зярняты, з якіх уздымалася ніва новай беларускай літаратуры. Яны могуць упрыгожыць самую развітую літаратуру.

У жніўні 1915 г. у сувязі з набліжэннем фронту газета «Наша Ніва», якая выходзіла на працягу дзевяці гадоў, спыніла існаванне. Змітрок Бядуля вяртаецца ў м. Пасадзец, нейкі час застаецца там, затым пераязджае ў Мінск, дзе працуе ў бежанскім камітэце (некаторыя з падзей гэтага перыяду адлюстраваны ў аповесці «Набліжэнне», 1935). У Мінску Змітрок Бядуля сустрэў Лютаўскую і Кастрычніцкую рэвалюцыі, перажыў нямецкую, а затым белапольскую акупацыі. Нялёгкі гэта быў для Бядулі час. З 1917 па ліпень 1920 г. пісьменнік супрацоўнічае ў газетах «Вольная Беларусь», «Беларускі шлях», «Беларусь», друкуе шэраг вершаў, артыкулаў. Па сутнасці, паласа гэтай працы — працяг «нашаніўскай» дзейнасці. З папраўкай, вядома, на складанасць часу, рэвалюцыйныя буры і віхуры, у якіх нялёгка было разабрацца. Можна, аднак, з упэўненасцю сказаць, што Змітрок Бядуля не сышоў з дэмакратычных пазіцый, не страціў народную аснову творчасці. У некаторых артыкулах пісьменнік патрабуе права на зямлю для тых, хто на ёй працуе, друкуе паэму «Помста» (1917), у якой малюе выступленне сялян супраць невыноснага гнёту пана-прыгонніка. Бядуля, бадай, адзіны ў беларускай літаратуры пісьменнік, які быў проста апантана захоплены да бясконцасці цудам беларускай казкі, міфа, легенды. Менавіта гэтае ягонае захапленне найбольш праявілася ў гады рэвалюцыі, акупацый і ў першыя гады савецкай улады, знайшоўшы найпаўнейшае ўвасабленне ў зборніку «Пад родным небам» (1922). Ён актыўна выступае як публіцыст. З 15 жніўня 1920 г., з часу вызвалення Мінска ад белапалякаў, і аж да 1926 г. З. Бядуля працуе ў газеце «Савецкая Беларусь», загадвае літаратурна-культурным аддзелам. Адначасна ён рэдагуе дзіцячы часопіс «Зоркі» (1921—1923). З 1926 г. З. Бядуля пераходзіць на працу ў Інстытут беларускай культуры, значны час рэдагуючы краязнаўча-этнаграфічны часопіс «Наш край». I працягвае актыўную літаратурную творчасць. У гэты час выходзяць зборнікі Змітрака Бядулі «Буралом» (1925) і «Паэмы» (1927), якія з'яўляюцца, калі можна так сказаць, творамі пераходнымі. Аднак пісьменнік пільна прыглядваўся да праяў новага жыцця, прынесенага рэвалюцыяй, і пачынаў унутрана прымаць яго. У той паспешлівасці, з якой З. Бядуля напісаў і выдаў свае паэмы «Чырвона-чорная жалоба» (1924), «Са сказаў буры і віхроў» (1924), цыкл вершаў «Чырвоны каляндар», гэтак жа як і пераробка верша-паэмы «Беларусь» (1921), якая ў рэдакцыі 1923 г. мае зусім іншы, можна сказаць, процілеглы першапачатковаму ідэйны змест, трэба бачыць не толькі жаданне пісьменніка вітаць новую, прынесеную рэвалюцыяй яву, але і як бы рэабілітавацца перад ёй. Бо ў перыяд нямецкай, затым белапольскай акупацыі ніхто так востра, бязлітасна не асуджаў савецкія, бальшавіцкія парадкі, як гэта рабіў Бядуля. Дзесяткі артыкулаў, прасякнутых непрыняццем ідэй, лозунгаў, якія напісала на сваіх сцягах Кастрычніцкая рэвалюцыя, раскіданы па тагачасных выданнях, газетах. У 1920-я гады выходзяць таксама тры зборнікі апавяданняў З. Бядулі: «На зачарованых гонях» (1923), «Апавяданні» (1926) і «Танзілія» (1927). Зборнік «Дэлегатка» (1928) паўтарае ранейшую кнігу «Апавяданні».

У «Танзіліі» (1926), адным з лепшых сваіх апавяданняў, пісьменнік малюе вобраз прыгнечанай, занядбанай татаркі Танзіліі. Яна бяздзетная і ад гэтага пакутуе. Вінаваты яе муж Мунька. Зрэшты, у яе хапае мужнасці, адвагі дзеля таго, каб нарадзіць дзіця, сысціся з чалавекам, які ёй падабаецца. Канчаецца апавяданне крывавай драмай, якая разыгралася між Мунькам і Танзіліяй за прыжытае дзіцё.

Аповесць «Салавей» (1927) — натуральны, заканамерны крок у творчасці Бядулі. Уся папярэдняя творчасць пісьменніка як бы падводзіла яго да напісання гэтай своеасаблівай, адметнай у беларускай літаратуры аповесці. Задума «Салаўя» нараджалася паступова, можа, залішне марудна, але пісьменнік няўхільна набліжаўся да ўвасобленай у аповесці тэмы. Яшчэ да рэвалюцыі пісьменнік напісаў апавяданне «Вялікодныя яйкі», прысвечанае незвычайнай цязе вясковага хлопчыка да мастацтва, да малявання. Такая ж тэма ў аснове апавядання «Бондар», дзе ягоны герой Даніла не проста робіць бочкі, цабэркі, іншыя гаспадарскія прылады, а як бы творыць цуд, «священнодействует». Гэткая ж якасць характарызуе і галоўнага героя аповесці Сымона. Дарэчы, паводле аповесці «Салавей» З. Бядуля напісаў аднайменную п'есу, затым рэжысёрам Крошнерам па матывах аповесці быў пастаўлены балет «Салавей». Гэта гаворыць аб ідэйным багацці аповесці, якая дала пачатак іншым жанрам літаратуры і мастацтва.

Наступныя аповесці З. Бядулі «Тры пальцы» (1927), «Таварыш Мінкін» (1930), шматлікія апавяданні былі, па сутнасці, водгукамі на падзеі часу, іх літаратурная, мастацкая вартасць вычэрпваецца ўзнятай тэмай. Гэта, дарэчы, шмат аб чым гаворыць, і найперш аб тым, што арыгінальны і непаўторны талент пісьменніка паступова ламала і нівеліравала савецкая ідэалагічная сістэма.

Адзначаная толькі што акалічначнасць моцна паўплывала і на самы буйны мастацкі твор З. Бядулі — раман у дзвюх кнігах «Язэп Крушынскі», у цэнтры якога складанае грамадскае і асабістае жыццё 1920-х гадоў, пададзенае праз перыпетыі лёсу галоўнага героя — чалавека адмоўнага, сапраўднага прайдзісвета і авантурыста.

У студзені-чэрвені 1934 г. пісьменнік стварае аповесць «Набліжэнне», якая асобным выданнем выйшла ў 1935 г. і, на жаль, больш не перавыдавалася і нават не ўвайшла ні ў адзін з двух збораў твораў пісьменніка. Аповесць, безумоўна, пабудаван

Подобные работы:

Актуально: