Проза Якуба Коласа 20–30 гадоў: набыткі і страты
Установа адукацыi «Брэсцкi дзяржаўны унiверсiтэт iмя А.С. Пушкiна»
Кафедра беларускага лiтаратуразнаўства
КУРСАВАЯ ПРАЦА
ПРОЗА ЯКУБА КОЛАСА 20–30 ГАДОЎ: НАБЫТКІ І СТРАТЫ
Выканаў:
Навуковы кiраўнiк
Брэст 2010
ЗМЕСТ
Уводзiны
Раздзел. 1 Творчыя дасягненні Якуба Коласа ў 20–30 гады XX стагоддзя
Раздзел. 2 Жанрава-стылёвыя і ідэйна-тэматычныя адметнасці твораў Якуба Коласа 20–30 гадоў
2.1 Апавяданне «Крывавы вір»: паказ чалавека ў эпоху рэвалюцыі
2.2 Трылогія «На ростанях»: пошукі шляхоў у будучыню
2.3 Аповесць «На прасторах жыцця»: сучаснае бачанне праблематыкі, сэнс эпіграфа і змест назвы
2.4 Аповесць «Адшчапенец»: праблемы агульначалавечага быцця
Заключэнне
Спiс літаратурных крыніц
УВОДЗIНЫ
Творчасць Якуба Коласа увесь час знаходзiцца ў полi зроку лiтаратуразнаўцаў. Увага вучоных скiравана на даследаванне шматграннай праблематыкi творчасцi, своеасаблiвасцi iндывiдуальнага стылю таленавiтага аўтара.
Якуб Колас – вялікі мастак слова, які глыбока выявіў грамадска-гістарычныя імкненні і духоўныя патрэбы беларускага народа, узбагаціў нацыянальную літаратуру выдатнымі творчымі набыткамі. Ён стаў мастацкім летапісцам жыцця народа на працягу складанай гістарычнай эпохі. Светаадчуванне Коласа-мастака вельмі цэласнае, гарманічнае і разам з тым шматграннае, эстэтычна багатае. У творчасці Я. Коласа моцны інтэлектуальны пачатак, які мае здаровы народны грунт – пісьменнік шукае глыбінны, духоўны змест у жыцці чалавека працы, за канкрэтнымі назіраннямі ў яго крыецца шматзначны псіхалагічны і філасофскі падтэкст.
Пісьменніцкая індывідуальнасць Коласа нясе на сабе вельмі характэрны адбітак жыцця народа, яго тонаў. фарбаў, грамадскіх імпульсаў. Грамадзянская мэтаімкнённасць, чуйнасць да запатрабаванняў часу, мастацкая шматграннасць пісьменніка асабліва шчодра раскрываюцца ў яго апавяданнях і аповесцях 20–30 гадоў XX стагоддзя. Пісьменнік імкнуўся стварыць сапраўдныя духоўна-маральныя ідэалы, напоўніць жыццё высакароднымі мэтамі. У пошуках феномена нацыянальнага характару пісьменнік выкарыстоўваў гістарычную эпоху для праекцыі сучаснасці і мінулага. Ён добра ўсведамляў, што менавіта ад глыбіні ўзнятых гістарычных пластоў, шырыні іх распрацоўкі, таксама, як і ад асваення праблем сучаснасці, залежыць узровень сталасці айчыннай прозы.
20-ыя гады – вельмi бурны перыяд. Працэс карэннай ломкi сацыяльных, эканамiчных, палiтычных асноў старога ладу, як адзначаюць Д.I. Гальмакоў i Л.С. Голубева (1, с. 48), з’яўляўся адначасова i працэсам ломкi псiхалогii чалавека – прадстаўнiка гэтага ладу, найвялiкшым пераваротам у яго свядомасцi. 20-ыя гады – гэта час пошуку шляхоў развiцця новага мастацтва, з’яўленне iншых iдэйна-тэматычных даляглядаў, новага героя, «час выпрабавання жыццёвасцi i плённасцi многiх жанрава-стылёвых форм у новых умовах» (2, с. 4). У творчасцi Я. Коласа гэтага часу «рэалiзм часта арганiчна сплаўляўся з актыўным рамантычным пачаткам, якi жывiўся … iмкненнем пасцiгнуць характар новых людзей» (2, с. 4–5).
Пiсьменнiк «iмкнуўся асэнсаваць новую рэчаiснасць, формы якой яшчэ толькi cкладвалiся, раскрыць з’яўленне новых рыс характару, псiхалогii чалавека, яго сацыяльныя памкненнi i iдэалы» (2, с. 6).
30-ыя гады ўвайшлi ў гiсторыю як складаны перыяд, напоўнены падзеямi вялiкага гiстарычнага значэння. Якуб Колас намагаўся ў сваiх творах гэтага перыяду «па-мастацку пераканаўча i глыбока адлюстраваць рэчаiснасць ва ўсёй яе складанасцi i супярэчлiвасцi, у няспынным руху i барацьбе супрацьлеглых сацыяльна-грамадскiх сiл» (3, с. 200).
Творчасць Якуба Коласа 20–30-х гадоў пакiнула прыкметны след у станаўленнi сучаснай беларускай лiтаратуры. Як адзначае П.К. Дзюбайла, «лiтаратура таго часу iдзе да мастацкага сiнтэзу гiсторыi i сучаснасцi, да ўвасаблення праз лёс чалавека лёсу народа» (2, с. 23).
Пра Я. Коласа напiсана нямала змястоўных кнiг, цiкавых навуковых даследаванняў. Але яны, зразумела, не ахоплiваюць i не могуць ахапiць i ўсебакова раскрыць багаты жыццёвы i творчы шлях пiсьменнiка.
Глыбокую ацэнку творчасцi Якуба Коласа далi такiя даследчыкi, як I. Навуменка (4) , Ю.С. Пшыркоў (5), А. Александровіч (6). Манаграфii Ю. Пшыркова i I. Навуменкi – гэта важныя цаглiны ў прыгожы гмах, iмя якому – сучаснае коласазнаўства.
Мэта i задачы курсавой працы. Мэта курсавой працы – даследаваць iдэйна-тэматычныя, жанрава-стылёвыя асаблiвасцi творчасцi Якуба Коласа 20–30 гадоў.
У адпаведнасцi з вышэйакрэсленай мэтай ставяцца наступныя задачы:
– паказаць творчыя дасягненнi Я. Коласа ў 20–30-ыя гады;
– раскрыць жанравую, iдэйна-тэматычную непаўторнасць коласаўскiх твораў 20–30 гадоў;
– высветліць, як вырашаецца Коласам у яго творах праблема суадносінаў гістарычнага факта і мастацкага вымыслу;
– прааналізаваць сучаснае бачанне літаратуразнаўцамі праблематыкі аповесці «На прасторах жыцця», сэнс эпіграфа і змест назвы;
– паказаць пошукі шляхоў у будучыню героямі трылогіі «На ростанях»;
– вылучыць асноўныя матывы аповесці «Адшчапенец» і апавядання «Крывавы вір».
Аб’ект i прадмет даследавання. Аб’ектам даследавання з’яўляецца творчасць Якуба Коласа 20–30 гадоў XX стагоддзя. Прадмет даследавання – такiя коласаўскiя творы, як «На прасторах жыцця», «На ростанях», «Адшчапенец», «Крывавы вiр».
Метады даследавання. Асноўнымi метадамi даследавання з’яўляюцца тэкстуальна-аналiтычны, гiсторыка-функцыянальны, якiя даюць магчымасць вызначыць своесаблiвасцi напiсаных Коласам у 20–30 гады твораў «На прасторах жыцця», «На ростанях», «Адшчапенец», «Крывавы вiр» з улiкам гiстарычнага i сучаснага кантэкстаў.
Структура i аб’ём працы. Курсавая праца складаецца з уводзiнаў, двух раздзелаў, заключэння, спiса літаратурных крынiц. Агульны аб’ём працы – 50 старонак.
Раздзел 1. Творчыя дасягненнi Якуба Коласа ў 20–30 гады XX стагоддзя
Якуб Колас – класік сусветнай і беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай мовы, народны паэт Беларусі. Ён выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, педагог, грамадскі дзеяч.
Шлях, які прайшоў Якуб Колас, адметны. Асноватворныя ўласцівасці яго жыцця і дзейнасці – сумленнасць, высокароднасць, нераўнадушша, імкненне дапамагчы ў цяжкіх абставінах, грунтоўнасць ва ўсіх жыццёвых праявах, вернасць сваім прынцыпам, адстойванне ўласных поглядаў, любоў да Бацькаўшчыны і яе народа, клопат аб захаванні нацыянальнай самабытнасці беларусаў, аб беларускай мове, пратэст супраць рознага кшталту прыгнечання чалавека. Гэтыя якасці ў поўнай меры адбіліся на творчасці пісьменніка, які ўнёс значны ўклад у нацыянальную і сусветную літаратуру. Сярод творчых дасягненняў найбольш важкімі з’яўляюцца пашырэнне жанравых магчымасцяў беларускай літаратуры, выкарыстанне шырокай і актуальнай тэматыкі ў паэтычных і празаічных творах, узбагачэнне паэзіі філасофскай і пейзажнай лірыкай, спалучэнне лірыкі і эпасу, закладванне асноваў беларускага рамана і беларускай дзіцячай літаратуры, філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці праз алегарычны аповед, станаўленне нормаў беларускай літаратурнай мовы.
Дзейнасць Якуба Коласа, яго роля і значэнне ў нацыянальным духоўным адраджэнні беларусаў высока ацэнены нашчадкамі. Іменем Коласа (а таксама іменем Я. Купалы) названы Інстытут мовы і літаратуры НАН Рэспублікі Беларусь, Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр у Віцебску, плошчы і вуліцы, школы і бібліятэкі ў многіх населеных пунктах Беларусі, буйное вытворчае паліграфічнае прадпрыемства ў Мiнску.
Творы Якуба Коласа ўвасоблены ў тэатральным, музычным, кінематаграфічным мастацтве. У тэатрах ставіліся п’есы паводле яго апавяданняў, аповесцяў, трылогіі. Ю. Семянякам створана опера па паэме «Новая зямля», Ю. Багатыровым па аповесці «Дрыгва» – опера «У пушчах Палесся». На словы Якуба Коласа напісана шмат музычных твораў. Коласаўскую паэзію для напісання песень і рамансаў выкарыстоўвалі кампазiтары М. Чуркін (песні «Краска», «Вясна», рамансы «Маёй каханцы», «Гусі...»), А. Туранкоў (рамансы «Усход сонца», «Дудка», песня «Радасць»), Я. Цікоцкі (рамансы «Каманіну, Малакову, Сляпнёву», «Пераможны май») і інш. Яшчэ ў 1929 г. быў зняты фільм «Песня вясны» (рэжысёр В. Гардзін) паводле аповесці Якуба Коласа «На прасторах жыцця». У 1960–1961 гг. экранізавана трылогія «На ростанях» (фільм «Першыя выпрабаванні», рэжысёр Ул. Корш-Саблін). За межамі Беларусі з творчасцю Якуба Коласа знаёмы жыхары многіх краін свету. Яго творы (пераважна паэтычныя) перакладзены больш чым на 40 замежных моў, у тым ліку на найбольш распаўсюджаныя – англійскую, нямецкую, французскую, іспанскую, кітайскую. Творчасць пісьменніка і яго ролю ў літаратуры разглядалі ў сваіх працах славісты Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Нямеччыны, Італіі. Асобае месца сярод перакладаў твораў займаюць выданні на славянскіх мовах – рускай, польскай, украінскай. На рускай мове ў розны час выходзілі тры зборы твораў Якуба Коласа.
Рэгулярна праводзяцца прысвечаныя творчасці паэта Міжнародныя навуковыя канфэрэнцыі, па выніках якіх выдаюцца зборнікі матэрыялаў «Каласавіны».
100-гадовы юбілей беларускага песняра паводле рашэння ЮНЭСКА адзначаўся ў міжнародным маштабе. У 1996 г. створаны Міжнародны фонд Якуба Коласа. У 2007 г. у Беларусі адзначалася 125-годдзе з дня нараджэння нацыянальнага паэта Якуба Коласа.
Якія ж творчыя набыткі Якуба Коласа? У 1921 г. у Коўне выходзіць зборнік апавяданняў «Казкі жыцця» (большасць «Казак жыцця» створаны да 1917 г., але працу над цыклам аўтар працягваў і надалей). У гэтых творах у алегарычнай форме выкладзены погляды на гісторыю і жыццёвую філасофію беларусаў як нацыі, іх месца сярод народаў-суседзяў, закрануты важныя сацыяльна-палітычныя і маральна-этычныя праблемы, паказана імкненне чалавека да пазнання таямніц прыроды і быцця.
У першай палове 1920-х гг. Якуб Колас завяршае вялікія творы, задуманыя яшчэ за дзесяць гадоў да таго, у якіх намаляваў шырокую карціну жыцця беларусаў у канцы XIX – пачатку XX ст., выклаў сваё бачанне шляхоў развіцця нацыі.
У 1923 г. у Мінску выйшла асобным выданнем паэма «Новая зямля». Гэты твор з’яўляецца мастацкай энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства на рубяжы стагоддзяў. У паэме Колас па-філасофску асэнсоўвае цэлую эпоху ў жыцці беларускага народа. Аўтар апаэтызаваў духоўнае багацце і маральную веліч працоўнага чалавека, яго адвечную мару быць гаспадаром на ўласнай зямлі. У творы яскрава апісаны быт народа, выведзены тыповыя беларускія характары. Цудоўныя замалёўкі беларускай прыроды характарызуюць Якуба Коласа як выдатнага майстра пейзажу.
У 1925 г. у часопісе «Полымя» апублікавана трэцяя рэдакцыя паэмы «Сымон-музыка». У гэтым творы асвятляецца роля мастака і мастацтва ў жыцці народа, тут найбольш поўна выявіліся эстэтычныя погляды Якуба Коласа. Гэта твор аб народных вытоках мастацтва, лёсе таленту з народа, духоўным адраджэнні нацыі. Трагічныя і драматычныя матывы ў ім пераплятаюцца з жыццесцвярджальнымі і аптымістычнымі. Аўтар стварае вобраз маладога беларуса – свядомага творцы свайго лёсу, які імкнецца да духоўнага адраджэння роднага краю. Паэт асвятляе своеасаблівасць нацыянальнага шляху беларусаў, выказвае надзею на актывізацыю духоўна-творчых сіл народа.
У гэты перыяд пашыраецца тэматыка твораў Якуба Коласа. Ён прыходзіць да апісання жыццёвых шляхоў беларускай інтэлігенцыі пачатку XX ст., яе духоўных пошукаў. Пісьменнік стварае так званыя палескія аповесці: два вялікія празаічныя творы «У палескай глушы"» (выдана ў Вільні ў 1923 г.) і «У глыбі Палесся» (выдадзена ў Мінску ў 1927 г.). Яны пазней увайшлі як 1-я і 2-я часткі ў трылогію «На ростанях» – найбольшы празаічны твор Якуба Коласа. У 1925 г. была апублікавана п’еса «Забастоўшчыкі»: яна пра тое, як беларускае настаўніцтва ўключалася ў палітычную барацьбу. У аснове сюжэту – першы нелегальны з’езд настаўнікаў у Мікалаеўшчыне. Гэты твор не атрымаў сцэнічнага ўвасаблення. Акрамя таго, у 1925 г. напісана аповесць «На прасторах жыцця» (выдадзена ў 1926 г.), прысвечаная моладзі 1920-х гг., праблемам яе духоўнага станаўлення, адукацыі, культуры, імкненню да пераўтварэння жыцця.
Другая палова 1920-х–1930-я гг. – гэта час актыўнай грамадскай дзейнасці Якуба Коласа, прызнання яго заслуг і пры гэтым вельмі складаны перыяд жыцця, падзеі якога адбіліся на псіхалагічным стане, негатыўна паўплывалі на ўсю далейшую творчасць пісьменніка. 18 кастрычніка 1926 г. Якубу Коласу нададзена званне народнага паэта Беларусі, яму прызначана пажыццёвая пенсія. З 1928 г. ён акадэмік Акадэміі навук Беларусі, з 1929 г. член Прэзідыума і віцэ-прэзідэнт Акадэміі. Быў кандыдатам у члены Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў 1927–1929 гг., членам ЦВК у 1929–1931, 1935–1938 гг. Якуб Колас удзельнічаў у рабоце 1-га Усебеларускага з’езда савецкіх пісьменнікаў і 1-га Усесаюзнага з’езда савецкіх пісьменнікаў у Маскве (1934 г.), дзе быў абраны ў кіруючыя органы творчых саюзаў літаратараў. У 1935 г. ён выступаў з прамовай на Сусветным кангрэсе абароны культуры ў Парыжы. Пры гэтым яшчэ з сярэдзіны 1920-х гг. Якуб Колас трапіў у поле зроку савецкіх рэпрэсіўных органаў. У 1925 г. у яго быў праведзены вобыск, а затым і допыт у сувязі з так званай «лістападаўскай справай», якая датычылася «контррэвалюцыйнай арганізацыі» на Случчыне. У 1930-я гг. ціск на Якуба Коласа яшчэ больш узмацніўся. Яго адкрыта абвінавачвалі ў так званай нацдэмаўшчыне, у прапагандзе ідэй бяскласавасці беларускай нацыі, знаходзілі ў творах ідэалізацыю кулацтва, хутарской гаспадаркі, перабольшванне ролі інтэлігенцыі. У 1930 г. Якуб Колас быў змушаны публічна каяцца ў палітычных «памылках». Былі арыштаваны і рэпрэсіраваны блізкія сваякі паэта – дзядзька па матчынай лініі, грамадскі і палітычны дзеяч, мовазнавец Язэп Лёсік, родны брат жонкі Коласа Аляксандр Каменскі. 6 лютага 1938 г. у доме пісьменніка шукалі зброю, яго прымусілі ўзняць рукі і стаць тварам да сцяны. Якубу Коласу пагражаў арышт, аднак санкцыя на яго ад вышэйшага савецкага кіраўніцтва не была дадзена. Магчыма, з-за шырокай вядомасці і народнага прызнання песняра.
Як адзначаюць біёграфы Якуба Коласа літаратуразнаўцы М. Мацюх і М. Мушынскі, пачынаючы з канца 1920-х–пачатку 1930-х гг. пісьменнік трапіў у бязвыхаднае становішча, цалкам залежнае ад ідэалагічных установак камуністычнай партыі і грамадска-дзяржаўных структур таталітарнай сістэмы. Жахі прымусовай калектывізацыі, разбурэнне традыцыйнага ўкладу вёскі, татальны кантроль над усімі сродкамі грамадска-палітычнага, духоўнага жыцця, фактычная забарона свабоды слова і волевыяўлення, масавыя рэпрэсіі супраць нацыянальнай інтэлігенцыі – усё гэта негатыўна паўплывала на Коласа як творцу. Ён аказаўся сапраўдным заложнікам антыгуманнай сістэмы, міжвольным прапагандыстам сацыялістычнага рэалізму, які быў зводам палітычных патрабаванняў, але выдаваўся за эстэтычную катэгорыю.
У 1926 г. Якуб Колас пачаў пісаць паэму «На шляхах волі» аб цяжкіх умовах існавання падчас Першай сусветнай вайны, іх уплыве на фарміраванне пратэстных настрояў народных мас і станоўчага стаўлення да бальшавікоў у перыяд рэвалюцый 1917 г. Над гэтым творам паэт шмат разважаў, працаваў і ў 1930-я і ў 1950-я гг., але так і не завяршыў.
У творчасці Коласа 1930-х гг. прысутнічае і тэма калектывізацыі. Галоўны герой яго даволі схематызаванай аповесці «Адшчапенец» (1930-1931 гг., выдадзена ў 1932 г.) пасля доўгіх ваганняў прыходзіць да высновы аб перавагах калектыўнай гаспадаркі перад аднаасобнай. Акрамя таго, у гэты перыяд Якуб Колас звярнуўся да драматычных падзей Першай сусветнай вайны галоўным чынам праз паказ «салдацкай праўды» – у п’есе «Вайна вайне» (1927-1931 гг., апошняя рэдакцыя 1938 г.) і грамадзянскай вайны – у аповесці «Дрыгва» (1933 г.) і створанай на яе аснове п’есе «У пушчах Палесся» (1937 г.).
Такiм чынам, багатая і шматгранная творчасць Якуба Коласа 20–30-ых гадоў XX стагоддзя з’явілася звонкім рэхам вялікіх гістарычных падзей, адказам мастака слова на хвалюючыя запатрабаванні часу.
Раздзел 2. Жанрава-стылёвыя і ідэйна-тэматычныя адметнасці твораў Якуба Коласа 20–30 гадоў
Мастацкая творчасць Якуба Коласа здзіўляе незвычайнай эпічнай шырынёй, выключна глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет чалавека, высакароднасцю, вышынёй маральных патрабаванняў як асновай жыцця чалавечага грамадства.
2.1 Апавяданне «Крывавы вір»: паказ чалавека ў эпоху рэвалюцыі
У гісторыі навейшай беларускай літаратуры Якуб Колас застаецца найперш як стваральнік нацыянальнага паэтычнага эпасу. Аднак яго талент заўсёды вызначаўся багаццем і шматграннасцю праяў. Убачанае і перажытае пісьменнікам у перыяд першай сусветнай вайны, рэвалюцыі і грамадзянскай вайны знайшло сваё вобразнае адлюстраванне ў апавяданнях.
Як мастака слова i мыслiцеля Я. Коласа ўвесь час цiкавiла i хвалявала кардынальная праблема: чалавек i сацыяльна-гiстарычны працэс грамадства; больш канкрэтней у дастасаваннi да часу – чалавек i рэвалюцыя.
Сярод празаiчных твораў 20-х гадоў апавяданнi Я. Коласа вылучалiся рэалiстычнай праўдзiвасцю малюнкаў тагачаснага жыцця, гiстарычнай вернасцю характарыстык мастацкiх вобразаў. Адным з такiх апавяданняў з’яўляецца «Крывавы вiр» (1923).
Апавяданне «Крывавы вiр» было надрукавана ў 7-8 нумарах часопiса «Полымя». С. Александровiч у артыкуле «Далёка я ад межаў родных…» пiша: «Як вынiкае з расказаў жыхароў Якаўлеўкi, у аснову апавядання «Крывавы вiр» пакладзена трагiчнае здарэнне з унукам пана Самбурскага – студэнтам Пецем Клачковым. Узяўшы ў аснову рэальнае здарэнне, аўтар не проста пераказаў яго, а напiсаў мастацкi твор, змянiўшы iмёны галоўнага героя – студэнта i панскай служанкi »(7, c. 157).
Звернемся да самога апавядання. Студэнт Харкаўскага унiверсiтэта, унук панi, што жыла на Куршчыне, Грыша Заплацiнскi спачуваў рэвалюцыi i нават вёў сярод сялян адпаведную працу, а калi пачалася рэвалюцыя, то ў вiры яе падзей не змог знайсцi пэўнае месца.
Сяляне хацелi, каб панiч пайшоў разам з iмi i на справе даказаў праўдзiвасць ранейшых слоў аб рэвалюцыi, забралi яго ў свой чырвонагвардзейскi атрад, якi адпраўляўся адбiваць наступленне нямецкiх войск.
Па дарозе Грыша адстаў з намерам хутчэй уцячы куды-небудзь ад крывавых падзей. Злоўлены раз’ездам чырвонагвардзейцаў i западозраны ў шпiянажы, ён просiць сялян пацвердзiць яго мясцовае паходжанне, а тыя рашуча адмаўляюцца прызнаць яго сваiм. Старэйшы ў натоўпе дзед Патап катэгарычна заявiў: «Не, не наш! Наш з мужчынамi на немца пайшоў». I колькi юнак нi прасiў старога не браць на душу грэх, сказаць праўду, той упарта сцвярджаў: «Не ведаю, не ведаю цябе, хто ты ёсць».
Калiзiя сапраўды надзвычай трагiчная. Ад таго, што скажуць сяляне, залежала жыццё юнака. Дзед Патап не прызнаў яго сваiм i тым самым асудзiў на смерць. Што гэта: сялянская чэрствасць цi сацыяльная помста? Не чэрствасць i не помста, а асуджэнне здрады. Усе мужчыны, здольныя трымаць у руках зброю, пайшлi абараняць Радзiму, свабоду, заваёвы рэвалюцыi, бо прыход немцаў да iх асацыiраваўся зваротам назад паноў i аднаўленнем ранейшых парадкаў. Здрада агульным iнтарэсам заўсёды i ва ўсiх народаў рашуча асуджаецца незалежна ад таго, хто ў гэтым вiнаваты. Супрацьпастаўленнем дзеда Патапа Грышу Заплацiнскаму вырашаецца перш за ўсё маральная праблема. Калектыў асуджае асобу, што кiнула яму выклiк, здрадзiла Яго жыццёвым iнтарэсам.
Можна зразумець становiшча Грышы i нават паспачуваць яму, бо цяжка гiнуць на свiтанку свайго жыцця, аднак немагчыма апраўдаць здраду. Пiсьменнiк-гуманiст балюча перажывае смерць асобнага чалавека, але выступае абаронцам iнтарэсаў калектыву, у данным выпадку ўсяго працоўнага сялянства, бо дзезерцiрства прыводзiць да безлiчы ахвяр.
Такім чынам, у апавяданні «Крывавы вір» рэвалюцыя – гэта стыхія, яна выклікае буру пачуццяў, уносіць сумятню ў настрой, разводзіць у супрацьлеглыя бакі людзей, дзейнічае дэструктыўна. Калі для дзеда Патапа рэвалюцыя – акт справядлівасці, доўгачаканая адплата панству за ўсе мінулыя здзекі, то для пані – гэта смерць і жах, бо яна не адчувае асабістай віны за мінулае. У паніча, студэнта Грышкі, які наогул не мае ніякага дачынення да мінулых трагедый і нават хоча стаць чырвонаармейцам, у душы пакуль што толькі сумненне: «Гэта вайна, гэтая кроў – навошта ўсё гэта?». Сам жа аўтар як гуманіст прытрымліваецца думкі, выказанай студэнтам Грышкам: «Ніхто не вінаваты і ўсе вінаваты».
2.2 Аповесць «На прасторах жыцця: сучаснае бачанне праблематыкі, сэнс эпіграфа і змест назвы
У сярэдзіне 20-х гадоў Якуб Колас уважліва прыглядаўся да новага пакалення людзей, для якіх ўсё, што адбывалася да рэвалюцыі, здавалася ледзь не далёкай гісторыяй, якія пачыналі жыццё, па сутнасці, з чыстага ліста. Яму, настаўніку, выкладчыку педагагічнага тэхнікума, падабалася імкненне моладзі сцвердзіць сябе, але ён як вопытны і мудры чалавек, пісьменнік-гуманіст, глыбокі мысліцель ведаў пра тую небяспеку, якая чакае моладзь у жыцці, і даступнымі яму сродкамі спрабаваў памагчы.
Сёння, з вышыні сучаснасці, зусім па-новаму бачыцца асноўная праблематыка аповесці «На прасторах жыцця». Доўгі час беларуская крытыка вызначала асноўны змест аповесці Я. Коласа «На прасторах жыцця» як пафас калектыўнай працы, перамогу дум, памкненняў дзейснай асобы, станаўленне новай маралі, услаўленне новых узаемаадносінаў між людзьмі. Усё гэта ёсць у аповесці. У сур’ёзны і строга аналітычны ўсебаковы літаратуразнаўчы разгляд твора Я. Коласа зрабілі значны ўклад даследчыкі роднай літаратуры і крытыкі І. Навуменка (4), Дз. Бугаёў (8), Ю. Пшыркоў (5), У. Навумовіч (9, 10) і інш. Найбольш падрабязна і заглыблена прааналізаваў аповесць «На прасторах жыцця» вядомы купала- і коласазнаўца доктар філалагічных навук І. Навуменка ў фундаментальнай працы «Якуб Колас. Духоўны воблік героя». (4). Даследчык па сутнасці раскрыў канцэпцыю чалавека ў творчасці Я. Коласа.
Праблема Абсалютнага дабра разглядалася пісьменнікам у аповесці “На прасторах жыцця» не абстрагавана, не ў адрыве ад рэальнасці, а выключна праз лёсы маладых людзей, праз змены ў характарах, думках і паводзінах моладзі абноўленага краю. Я. Колас добра бачыў, што ў штодзённым жыцці ішла нібыта замена адных каштоўнасцяў іншымі, а на самай справе адбывалася звычайная падмена зямнога быцця «Царствам Божым», пра якое марылі людзі, якога чакалі на зямлі, да якога імкнуліся і да чаго звярталіся ў сваіх паўсядзённых малітвах. І раптам тое «Царства Божае» – Абсалютнае дабро – дэкларавала новая ўлада, яна агітавала далучацца да падобнага «Царства» на зямлі, заахвочвала тых, хто паверыў, прапаноўвала шлях да дабра, зрабіўшы яго самамэтай.
Якуб Колас – суровы рэаліст – паказаў, што першай у зямны рай камунізму, як вялося на зямельцы роднай здавён, кінулася моладзь. Яны, маладыя, паверылі ў самаагалошаныя лозунгі, нібыта ў новыя ідэалы, да-верліва пацягнуліся да ўсяго новага, перадавога на той час, да пераменаў. На адной са старонак аповесці «На прасторах жыцця» празаік глыбакадумна заўважыў: "Старыя забораўцы – раскіданыя хмары пасля навальніцы. Яны яшчэ несталкаваліся, ні да якога пэўнага погляду не прыйшлі. Адны ходзяць ды ў вус не пасміхаюцца: заядла штось адразу моладзь узялася, глядзі, каб назаўтра ж не астыла. Другія проста не даюць веры, каб можна было на работу столькі народу паставіць. Трэціх зайздрасць трохі і страх забірае, каб з носам не астацца. Чацвёртыя на вока прыкідваюць, колькі б з гэтага гнілога балота можна сена сабраць. На адным толькі ўсе схадзіліся: гнілое балота прыцягвала цяпер увагу кожнага з іх. Проста цікава было, што з гэтага выйдзе"(11, с. 89).
Нас не могуць не зацікавіць пісьменніцкія заўагі пра «раскіданыя хмары» – «старых забораўцаў» – людзей традыцыйнай беларускай вёскі, якія яшчэ не вызначыліся ў адносінах да новых рэвалюцыйных зменаў: да новай нязвыклай улады, да штодзённай агітацыйна-прапагандысцкай апрацоўкі.
Беларус любіў падумаць, пабачыць на свае вочы тое, на што нацэльваліся маладыя, памацаць уласнымі рукамі тое, што зроблена, каб паверыць, што зроблена сумленна, на вякі.
Няма сумнення ў тым, што калі Я. Колас пісаў тыя радкі пра перавагу калектыўнай працы, дык ён добра ведаў, разумеў і адчуваў імкненне да калектыўнага пачатку ў характары беларуса-працаўніка. Празаік ясна ўсведамляў, што гнуцца аднаму на зямельцы, а тым больш на балоце, нявыкрутна і непрадукцыйна, а то і проста боязна. Ен вырас у сям’і, якая арандавала зямлю, змагалася з пустэчай, добра разумеў радасць і сілу калектыўнай працы. Але кідацца на злом галавы ў новае толькі таму, што яно – новае, не жадаў і таму не прыспешваў падзеі, не падганяў час і не фарсіраваў працэс выспявання рашэння ў свядомасці людзей.
Пісьменнік добра разумеў прыроду калектыўнага мыслення вяскоўцаў. Жыццё на хутарах, на «адрубах» у лесе, сярод балотаў і пушчаў выпрацоўвала ў сялянаў пачуццё самоты, адзіноты, фармавала таямнічасць і загадкавасць натуры.
Нашы продкі нярэдка імкнуліся да асабістай «аўтаномнасці» пражывання ў складаных прыродна-геаграфічных умовах, а «аўтаномнасць» існавання нараджала «лакалізацыю» мыслення, індывідуалізм, замкнёнасць, недавер да ўсяго новага. Менавіта так паводзіць сябе дзядзька Сымон у коласаўскай аповесці, калі «хавае рыдлёўку ў кустах», а сам вырашае падысці да гурту, паглядзець, як жа ідзе праца. Хацеў сказаць традыцыйнае пра дапамогу Бога, ды зразумеў, што «богавай дапамогі ім не трэба»(1, с. 90), у час «наступіў» сабе на язык. Аднак калектывісцкія традыцыі ў старэйшага пакалення на вёсцы не меншыя, чым у моладзі, бо за доўгія гады змагання за лепшую долю і волю сялянам-аднавяскоўцам не аднойчы даводзілася прыходзіць на дапамогу адзін аднаму, збірацца разам, каб траляваць бярвенне, ладзіць дарогу ці будаваць грэблю, вывозіць гной ці ставіць хату, касіць луг, араць папар. "А вы што ж думалі, уломак дзядзька Сымон," – адказвае стары селянін на воклічы моладзі "Брава, брава, дзядзька Сымон!" пасля таго як вясковец "крута ў кусты павярнуў, а адтуль з рыдлёўкаю ідзе". Характэрны эпізод, які глыбока і тонка раскрывае нацыянальны характар, псіхіку селяніна-беларуса, у жыцці якога здавён немалое месца займалі старадаўнія народныя традыцыі, звычаі – талака, сябрына, бонда, – пра якія маладыя, праўда, забыліся, агорнутыя адзіным жаданнем як найхутчэй пабудаваць «зямны рай камунізму».
«А мы гэта зробім прасцей і скарэй, – сказаў Міхась Барута, бацька маладога завадатара"». Прасцей і скарэй у маладых не атрымоўвалася, што праўда то праўда. І яны злаваліся, нерваваліся, мітусіліся. Праўда бацькі не заўсёды перамагала ў тыя дні.
Да ўсяго сказанага пра самабытнасць і непаўторнасць нацыянальнага характару беларусаў дадамо, што балоты прывучалі да цярплівасці, таямнічасці, нараджалі меланхолію, марудлівасць, стрыманасць у паводзінах. прыглушанасць эмацыйных усплёскаў.
Усё гэта выдатна выяўлена ў аповесці. Нездарма ж у прамове маладога ініцыятара асушэння гнілога балота Сцёпкі Баруты шмат справядлівых слоў пра нядбайнасць у вясковым жыцці, пра грэблі, дзе "грузнуць коні", пра масты, дзе "калечацца людзі і жывёла", пра адсутнасць дарог, школ, бібліятэк, пра тое, што "нашы дзеці ўлетку без догляду", а саламяным стрэхам пагражаюць пажары ад маланак. Але зусім невыпадковая заўвага пісьменніка ў канцы аповесці, калі пусцілі ваду з гнілога балота ў канаву, па баках якой стаяў "народ, моўчкі слухаючы музыку вады".
Якуб Колас надзяліў галоўнага героя сваёй аповесці бясспрэчнымі прыроднымі здольнасцямі і паказаў пэўнае спраўджанне надзей на юнака. Але напачатку гучыць матыў "выгнанага з хаты" сонечнага промня. Актыўна распрацоўваецца тэма "выкінутага з гнязда птушаняці". Толькі не знік, не згубіўся падлетак. Стаў на ногі, вярнуўся ў родныя гоні, каб ажыццявіць штосьці, на яго думку, карыснае для ўсёй вёскі і аднавяскоўцаў. Што гэта, прагрэс ці рэгрэс героя? Пісьменнік не спяшаецца маралізаваць учынкі герояў, не выносіць прысуд часу і людзям. Ён нібы гаворыць: пабачым, што з усяго гэтага яшчэ выйдзе, чым абернецца для вёскі, для ўсяго народа. Асабістая гісторыя юнага змагара за новы лад жыцця і склад душы якраз і ляжыць у аснове аповесці Я. Коласа "На прасторах жыцця".
Але ці свабодны Сцёпка Барута ў сваім выбары? Ці не новае ачмурэнне, затуманьванне мазгоў найшло на хлопца, што ён, як тая авечка з матыліцай, калі працуе адно паўшар’е галаўнога мозгу, ходзіць усё бокам і бокам. Ачмурэнне, скажам, асабліва звязанае са змаганнем са "святым калодзежам" – змаганне з прывідам, з атрыбутыкай, а не з ідэалогіяй, у якой Сцёпка, як мы гэта хораша бачылі на прыкладзе дыялогу пра Бога і Галабурду са стрэлачнікам на чыгунцы, на вачах прайграе. У бацькоўскай хаце Сцёпка і сам прызнаецца, што ў яго "з Богам выйшлі нелады".
Якуб Колас "застаў" свайго героя не на "нулі" духоўных каардынатаў. У Сцёпкі ёсць бацька і маці, перад якімі ён адчувае вялікую асабістую вінаватасць за ўчыненае. Як адзначалася вышэй, Сцёпка асушаў Гнілое балота ўжо разам з бацькам, слухаючы яго мудрыя парады.
"Бог, рай, той свет – усё гэта выдумкі", – думае ўначы пасля разбурэння "святога калодзежа" Сцёпка, апраўдваючы свой учынак. Пісьменнік заўважаў, што "Сцёпка стараўся ўпэўніць сябе, што нічога благога ў яго ўчынку не было". Яшчэ перад тым Я. Колас, разумеючы ўнутраны стан свайго героя, нібы мімаходзь зазначыў: "А ўвогуле ж было-такі непрыемна".(11, с. 83)
Аўтарская рэмарка тут у дачыненні да свядомасці галоўнага героя аповесці значыла тады і значыць цяпер вельмі многа. Якуб Колас паказаў, што сумленне юных змагароў за новы лад і тады не драмала, а душа новых герояў перапаўнялася шматлікімі перажываннямі. Нам жа цікавы сам напамін пра "рай" у начным унутраным маналогу галоўнага персанажа. Як яны, наватары жыцця, хацелі найхутчэйшага "раю" на зямлі для ўсіх і адразу. Самі гатовы паказаць на ўласным прыкладзе, як гэта робіцца.
Роздум пра сілу ці немач атэістычнага духу прыйдзе да героя пазней, калі ён убачыць адноўлены зруб і крыж на месцы "святога калодзежа". "Разбурыць трэба самую ідэю, а зруб і крыж – гэта што?" – падумаў Сцёпка і пайшоў далей"(11, с. 85). Не жадаючы перабольшваць сказанае вялікім песняром, удакладнім, што пісьменнік пры ўсёй сваёй народнай мудрасці і глыбіні філасофіі застаўся летапісцам часу, паказваючы шлях моладзі ад стыхійнага бунтарства да свядомага ўдзелу ў перабудове роднага краю. Сцёпка Барута, пры ўсёй неадназначнасці натуры, усё ж з’яўляецца сынам свайго часу, народа, краіны. Ён не абмінуў ніводнага кроку на тых шляхах, якім прайшоў увесь беларускі народ.
Асабістая гісторыя Сцёпкі Баруты, мяркуе У. Навумовіч, гэта лёс дзесяткаў, соцень, тысячаў маладых людзей у пострэвалюцыйную эпоху. Але не гэта галоўнае.Заслуга пісьменніка-рэаліста Я. Коласа заключаецца, на нашу думку, у тым, што ён паказаў духоўнае сталенне моладзі, адыход ад нормы паводзінаў у грамадстве, скіраваў маладых на агульначалавечыя духоўныя каштоўнасці.
Галоўны фронт змагання дабра з ліхам праходзіў праз лёсы, нямоцныя яшчэ характары маладых душ. Творца не даў гатовых рэцэптаў, хоць на першы погляд здаецца, што ён паказаў носьбітаў абсалютнай дабрачыннасці і ўласна нягоднікаў, такіх, адпаведна, як Сцёпка Барута і Марцін Шулевіч.
Каханне Сцёпкі Баруты і Аленкі Гарнашкі – яркія і кранальныя старонкі аповесці. Я. Колас выдатна апісаў у аповесці персанажаў, якія сумяшчаюць у сабе праявы тых ці іншых якасцяў адначасова – добрага і злога чалавека. Эстэтычныя аспекты дабра і ліха ў аповесці выяўляюцца выразна, пазіцыя аўтара даволі акрэсленая.
Галоўная выснова, якую можна зрабіць, перачытваючы "На прасторах жыцця", – роўную, добрую, змястоўную аповесць "юнацкай" пары беларускай прозы для юнацтва і пра юнацтва, што ў ёй Я. Колас адлюстраваў асноўныя этапы фарміравання Асобы ў грамадстве. Змаганне з балотамі ўжо стала лёсавызначальным сімвалам для Беларусі і беларусаў. Але што гэта? "Знак бяды" ці сімвал усеагульнага дабрабыту?
Якуб Колас не толькі падступіўся да праблемы, але і даволі пераканальна абмаляваў станаўленне чалавечай асобы ў аповесці "На прас-торах жыцця." Пісьменнік раскрыў тое, чаго трэба сцерагчыся ў асабістым жыцці, паказаў, як важна не папусціцца, не паддацца плыні, а захаваць душу і сэрца чыстымі, чулымі.
Народны пісьменнік з вялікай сілай мастацкага асэнсавання зменлівай жывой рэчаіснасці намаляваў змястоўную і характэрную для свайго часу карціну быцця. Сатанінская прырода Шулевічаў не можа супрацьстаяць дзейсным натурам Сцёпкі Баруты і Аленкі Гарнашкі. Каханне дазваляе спадзявацца на ўрачыстаць дабра, на паўнату жыцця.
Кожным новым пакаленнем вечная тэма кахання вырашаецца нанова. Каханне ў аповесці перамагае. У гэтым сіла твора.
Спынімся яшчэ і на эпіграфе да аповесці:
– Вы павінны прабіць сабе дарогу і выйсці на шырокія прасторы жыцця.
– А дзе такія шырокія прасторы?
– У шырокіх размахах грамадскай работы.
Як жа нам успрымаць словы аб "прасторах жыцця", вынесеныя ў эпіграф да ўсяго твора. Філасофская сентэнцыя пра "шырокія прасторы жыцця" ў аповесці належыць адмоўнаму персанажу Марціну Шулевічу, чые звычкі, норавы, манеру гаварыць, ды і самі тэзісы зусім не хацелася б пераймаць, бо яго паводзіны, мякка кажучы, не толькі не прыцягваюць, а выклікаюць вострае непрыманне, нават агіду. Мярзотнасць учынкаў гэтага чалавека навідавоку. I вось менавіта такі актывіст "новага ладу" заклікае "прабіць сабе дарогу і вырвацца " на вышэйзгаданыя абсягі.
Даследчыкі роднай літаратуры, у прыватнасці У. Навумовіч (10), імкнуцца разгадаць сэнс эпіграфа і змест назвы коласаўскай аповесці пра юнацтва і для юнацтва.
Даследчык паспрабаваў адказаць на пытанне: у чым загадка Якуба Коласа? Яна хаваецца, на яго думку, у самой назве твора і ў тым, каму належаць словы пра "размахі". Я. Колас вучыў прыслухоўвацца, хто і што гаворыць у новым жыцці. Сваю "агітацыю" за новы лад і склад жыцця Марцін пачаў, падсеўшы да Аленкі, ледзь не на вушка нашэптваючы. "А вам проста грэх марнець у глушы ", – блюзнерыць пярэварацень. А сам запыт Аленкі? Ён можа азначаць: здзіўленне, цікаўнасць, абурэнне, гуллівасць, юрлівасць. Апошняя фраза эпіграфа – водпаведзь – прыведзена Я. Коласам не цалкам, а з абрывам – толькі першая частка развагі хуткаспечанага прадстаўніка новай улады. Аўтар адкінуў прэч як непатрэбнае альбо знарок не закрануў у эпіграфе ўсялякія там "замацаванне пазіцый'', "заваёвы Кастрычніка ", пра якія далей ідзе гутарка ў сказе. Усё тое пісьменніку не трэба: пазіцыі абазначаны, канфлікт завязаны, яго змест і сутнасць відавочныя.
Да гэтага часу да разгадкі эпіграфа Якуба Коласа ніхто з літаратуразнаўцаў не наблізіўся. Ды і не маглі наблізіцца, пакуль заставаўся ў ценю персанаж, у вусны якога і ўкладзены дадзеныя словы. А як жа яшчэ? Мярзотнік, амаральны тып, а тут гаворыць такое, што трэба браць на ўзбраенне ўсёй моладзі абноўленага краю. 3 каго браць прыклад? Крытык Дз. Бугаёў яшчэ ў 1970-я гг. у артыкуле «Некалькі заўваг пра аповесць Я. Коласа "На прасторах жыцця"» з уласцівай даследчыку хлёсткасцю назваў Марціна Шулевіча "фразёрам", які хаваецца за псеўдарэвалюцыйнай фразай. Прывядзем некалькі даволі смелых на той час характарыстык з працы Дз. Бугаёва: "самахвальства", "тонка жангліруе рэвалюцыйнай фразай", "нядобрасумленныя, адкрыта карыслівыя тыпы ўносілі элементы палітычнай спекуляцыі ў самыя тонкія, інтымныя сферы чалавечых стасункаў", "фразёрства пустазвона Марціна Шулевіча паказваецца па-сапраўднаму з’едліва і злосна", "Шулевіч высокімі святымі словамі прыкрывае вельмі карыслівыя, эгаістычныя мэты", "прымазваецца да такіх грамадскіх паняццяў...", "Шулевічы схільныя сваім разлічаным краснабайствам апашляць самае святое і высокае, роднае, скажаць гэты вялікі змест" (8, с. 230–242). Праўда і тое, што далей за падобныя адмоўныя ярлыкі, словы-сімвалы літаратуразнаўца не пайшоў. Ды, мажліва, не мог пайсці. I самае істотнае, што ў артыкуле ні слова пра загадкавасць эпіграфа Я. Коласа да аповесці.
Сёння ўжо можна назваць усё сваімі імёнамі. Марцін гуляе