Драматычныя і трагічныя калізіі ў беларускіх народных баладах
МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Установа адукацыі
“Віцебскі дзяржаўны універсітэт
імя П. М. Машэрава”
Факультэт беларускай філалогіі і культуры
Кафедра беларускай літаратуры
Дапушчана да абароны
Загадчык кафедры ___________________В. І. Русілка
“29” красавіка 2010 г.
Драматычныя і трагічныя калізіі
ў беларускіх народных баладах
Дыпломная праца
Выканаўца
студэнтка 51 групы
____________ Марына Уладзіміраўна Сямашка
Навуковы кіраўнік
кандыдат філалагічных навук дацэнт
____________ Генадзій Парфір’евіч Харошка
Рэцэнзент
кандыдат педагагічных навук дацэнт
____________ Людміла Іванаўна Шаўцова
Віцебск 2010
ЗМЕСТ
УВОДЗІНЫ
РАЗДЗЕЛ І. ЖАНРАВАЯ ФОРМА І ВОБРАЗНЫ ЛАД НАРОДНЫХ БАЛАД
РАЗДЗЕЛ ІІ. ДРАМАТЫЧНЫЯ КАЛІЗІІ Ў НАРОДНАЙ БАЛАДЗЕ
РАЗДЗЕЛ ІІІ. КАТЭГОРЫЯ ТРАГІЧНАГА Ў БАЛАДНЫХ ПЕСНЯХ
РАЗДЗЕЛ ІV. ПАЭТЫЧНЫЯ СРОДКІ Ў РАСКРЫЦЦІ ДРАМАТЫЧНАГА І ТРАГІЧНАГА Ў БАЛАДАХ
ЗАКЛЮЧЭННЕ
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
УВОДЗІНЫ
Цікавасць да народных балад, гэтага своеасаблівага жанру песеннага фальклору сярэднявечча, “адкрытага” ўпершыню рамантыкамі і выкарыстанага імі для стварэння літаратурнай рамантычнай балады, у апошні час прыкметна ўзрастае. У шэрагу краін з’яўляюцца зборнікі балад і даследаванні, прысвечаныя ім. Цікавасць да народнай балады ахоплівае не толькі навуковыя колы, але і шырокую чытацкую аўдыторыю. Хто з нас не чытаў балады Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, А. Міцкевіча, А. Куляшова, Я. Сіпакова і інш., якія былі створаны на аснове народных традыцый.
Цікавасць да балады паказвае, што гэты жанр патрабуе пільнай навуковай увагі. У вывучэнні і папулярызацыі беларускіх народных балад у нас амаль нічога не зроблена.
Тэрмін “балада”, якім абазначаецца жанравая група твораў (песень) у фальклоры многіх народаў, на розных этапах свайго выкарыстання меў неаднолькавае напаўненне. Па-рознаму ёнуспрымаўся ў традыцыях асобных еўрапейскіх народаў. Трапіўшы на славянскія абшары з заходніх краін, гэты тэрмін найперш замацаваўся як азначэнне літаратурнага жанру, і толькі значна пазней яго сталі прымяняць у фалькларыстыцы. Л. Салавей сцвярджае, што “балада — гэта апавядальная ліра-эпічная песня з напружаным драматычным сюжэтам, якая адлюстроўвае трагічныя калізіі ў асабістым, сямейным жыцці чалавека” (57, с. 5). Балады прынята адносіць да пазаабрадавага фальклору, што ў адносінах да беларускіх баллад, на думку даследчыцы, не зусім слушна. Яна зазначае: “значная частка запісаў вызначана носьбітамі як каляндарна-абрадавыя песні — веснавыя, купальскія, паставыя і інш.” (57, с. 12). Большасць баладных сюжэтаў мае выключна пазаабрадавае паходжанне і бытаванне, а сюжэты, звязаныя з абрадам, найперш цікавыя для разумення вытокаў жанру, фарміравання яго складу, вобразнасці.
Упершыню характарыстыку жанру балады ў пачатку ХІХ ст. даў А. Міцкевіч. Прыкладам служылі баладныя творы самога паэта, заснаваныя на матывах беларускага фальклору (25, с. 425). У сваёй грунтоўнай прадмове да тома «Вершы», напісанай у 1820—1821 гг. і надрукаванай у 1822 г. у Вільні, ён зрабіў гістарычны агляд літаратурных плыняў у Заходняй Еўропе, аддаўшы належную ўвагу як бытаванню фальклорнай балады, так і станаўленню балады літаратурнай. Томік вершаў Адама Міцкевіча змяшчаў адначасова яго ўласныя знакамітыя балады і рамансы і быў прысвечаны сябрам і паплечнікам Яну Чачоту, Тамашу Зану, Юзафу Яжоўскаму і Францішку Малеўскаму. Як адзначае Л. Салавей, “паэт выступаў наватарам, пракладальнікам новых пуцявін у паэзіі, таму ён адчуваў патрэбу ў навуковым забеспячэнні свайго выдання, у абгрунтаванні новайлітаратурнай плыні” (25, с. 425). Стары літаратурны свет незычліва ставіўся да новай паэзіі, не разумеў яе, не ведаў і не жадаў ведаць тыя вытокі ў народнай традыцыі, што яе жывілі. Паэт пісаў: “... публікуючы гэты невялікі збор балад і вясковых песень, якія звычайна лічацца гатункам рамантычнай паэзіі, што ўсё яшчэ застаецца пад праклёнам, які кідаюць на яго сёння многія арбітры паэзіі, тэарэтыкі, а нават і самі майстры слова, адчуў неабходнасць папярэдне выказацца, папраўдзе не як мастак, а толькі ад імя тых мастакоў, характар працы якіх быў прадметам і маіх практыкаванняў” (25, с. 426). 3 гэтых слоў бачна, што спроба тэарэтычнага асэнсавання і абгрунтавання напрамку, які паэт абраў для сябе, для сваёй творчасці, — гэта яшчэ намаганне зняцця праклёну неразумення з новай прагрэсіўнай грамадскай з’явы. Сцвярджаючы правы грамадзянства для новай літаратурнай плыні, скіроўвалася ўвага творцаў да роднага фальклору, безлічы жанраў народнай творчасці, якая да гэтага часу альбо не заўважалася, альбо невысока цанілася.
У адносінах да фальклорнага песеннага жанру тэрмін “балада” сталі прымяняць даволі позна, у канцы ХІХ ст. (У. Дабравольскі). Носьбіты народнай балады абазначалі іх як “доўгія песні”, “смутныя”, “жаласныя”, “так песні”, “быль” (10, с. 124). Спроба збіральнікаў (У.Вярыга) аб’яднаць творы гэтага жанру пад назвай “думкі” не замацавалася ў беларускім народазнаўстве.
А. Яскевіч адзначае, што беларуская вусна-паэтычная творчасць да часу з’яўлення прафесійнай літаратуры мела даволі развітыя традыцыі народнай балады (66, с. 16). Вялікая колькасць тэкстаў і напеваў народных балад сведчыць пра жыццяздольнасць твораў гэтага жанру, важнай іх ролі ў сучасным народны рэпертуары.
З усяго вышэй сказанага відаць, што народная балада займае значнае месца ў духоўным жыцці беларусаў. Творы гэтага жанру – адна з крыніц, з дапамогай якой можна больш даведацца пра гісторыю, традыцыі роднага краю, яго эстэтычны, маральны ідэал. Акрамя таго, народная балада паўплывала на з’яўленне літаратурнай “сястры”. Тэрмін “балада” зараз ужываецца для абазначэння ліра-эпічнага жанру ў фальклоры, літаратуры, музыцы, нават кіно. Высокія эстэтычныя і гістарычныя вартасці народнай беларускай балады, па-новаму асэнсаваныя прафесійнай літаратурай і мастацтвам, садзейнічаюць развіццю нацыянальнай культуры.
Тэксты, а пазней і напевы беларускіх народных балад прыцягвалі да сябе ўвагу на працягу ўсёй гісторыі беларускага фальклорнага збіральніцтва. Самымі вядомымі збіральнікамі і даследчыкамі жанру балад у XIX ст. былі Ян Чачот, П. Шэйн, Е. Раманаў, Я. Карскі і іншыя. Названыя фалькларысты зрабілі шмат у вывучэнні і развіцці баладных песень.
Так, напрыклад, значная колькасць тэкстаў балад была сабрана і часткова апублікавана ўжо ў 30-40-х гг. XIX ст. у зборніках Яна Чачота “Вясковыя песні з-пад Нёмана і Дзвіны” на беларускай мове або толькі ў польскім перакладзе.
У працах І. Насовіча (“Белорусскіе песні”) і П. Шэйна (“Материалы к изучению быта и языка русского населения Северо-Западного края”, “Белорусские народные песни”) мы бачым, што фалькларысты працавалі над пытаннямі класіфікацыі народных балад.
Я. Ф. Карскі ў трэцім томе сваёй працы “Беларусы” дае наступнае тлумачэнне тэрміну “балада”. На яго думку, гэта ліра-эпічныя творы, у якіх эпічныя і лірычныя элементы ўраўнаважаны (32, с. 487).
Пасля Я. Ф. Карскага вывучэнне балад, іх жанравай спецыфікі ў некаторай ступені спынілася. Толькі ў савецкі час з’явіліся працы, са зместу якіх бачна, што беларуская фалькларыстыка была пастаўлена на сур’ёзную навуковую аснову. Выходзіць спецыяльны зборнік у двух тамах “Балады” (1977-78 гг.) з уступным артыкулам, укладаннем, каментарыямі Л. М. Салавей. Упершыню ў беларускай фалькларыстыцы аўтар паспрабавала высветліць праблемы ўзнікнення і развіцця беларускай балады, разгледзець яе ідэйна-тэматычны змест і мастацка-выяўленчую сістэму.
У 1971 г. выйшла ў свет манаграфія І. Ф. Штэйнера “Беларуская балада. Вытокі жанру і паэтычная структура”, у якой на багатым фактычным матэрыяле даследчык выказвае гіпотэзу пра паходжанне жанру, дае класіфікацыю баладам, выяўляе іх нацыянальную спецыфіку, падкрэслівае самабытнасць і самастойнасць твораў.
Дасканалыя ўзоры народных балад змешчаны ў зборніку “Песні сямі вёсак”, складзеным Н. С. Гілевічам, дзе ўключаны студэнцкія запісы з цэнтральных раёнаў Беларусі. Балады аўтар вылучае ў асобныя раздзелы. Адбор праведзены з вялікай дасканаласцю, з глыбокім разуменнем мастацкай спецыфікі гэтага жанру.
Але найбольшую ўвагу заслугоўвае навукова-папулярны нарыс Н. С. Гілевіча “Наша родная песня”, дзе аўтар праводзіць шэраг трапных назіранняў пра месца і значэнне балады ў народным рэпертуары, гаворыць пра яе жанравую прыроду, тэматыку, матывы, мастацкія асаблівасці.
У манаграфіі Арсеня Ліса «Купальскія песні» (1974) баладам прысвечаны асобны раздзел. Аўтар спыніўся на агульнай характарыстыцы групы сюжэтаў, генетычна ці функцыянальна або тэматычна звязаных з летнім каляндарным цыклам народнай паэзіі, на разглядзе тых праяў жыцця, якія леглі ў аснову сюжэтных калізій. Вывучэнне ўзаемасувязі балады з каляндарнымі цыкламі з’яўляецца важным і неабходным як пры даследаванні абрадавага песеннага рэпертуару, так і пры высвятленні асобных пытанняў жанру балады. Манаграфія А. Ліса ў гэтым напрамку кладзе добры пачатак.
Заслугоўвае ўвагі зборнік вуснай народнай творчасці часу Вялікай Айчыннай вайны “Паэзія барацьбы” (1985 г.), дзе змешчаны шэраг традыцыйных баладных сюжэтаў, перапрацаваных ў адпаведнасці з трагедыйнымі абставінамі, ў якіх апынуўся беларускі народ.
У 2002 г. у свет выйшла кніга “Пазаабрадавая паэзія”. Яе асобны раздзел, аўтарам якога з’яўляецца фалькларыст Л. М. Салавей, прысвечаны баладам. Падрабязна разглядаецца гісторыяграфія, ідэйна-тэматычны змест гэтага народнага жанру. Значная ўвага надаецца разгляду мастацкіх асаблівасцей баладных песень.
У кніжцы “Беларусы. Вусная паэтычная творчасць” (2007 г.) балады вынесены ў асобны раздзел, аўтарам якога з’яўляецца К. П. Кабашнікаў. Даследчык дае класіфікацыю гэтых песень, называе асноўныя вобразы беларускіх народных балад.
Вывучэнне і даследаванне балад адбываецца і ў наш час. Праблемамі жанру займаюцца такія даследчыкі, як А. М. Багамолава (“Структурна-граматычнае выражэнне народна-паэтычнага эпітэта і яго функцыя ў баладных песнях”), Л. М. Салавей (“Беларуская народная балада”), А. Яскевіч (“Ля вытокаў жанру балады ў беларускай літаратуры”), І. Ф. Штэйнер (“Шматмоўная літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя”), К. Лецка (“У святле фальклорных вытокаў: Народныя казкі, легенды, паданні, (балады)”) і іншыя.
З усяго вышэй адзначанага відаць, што жанр народнай балады быў цікавы не толькі даследчыкам XIX стагоддзя. Ён і сёння прыцягвае да сябе ўвагу многіх навукоўцаў, у тым ліку і студэнтаў.
Тэма нашай дыпломнай працы “Драматычныя і трагічныя калізіі ў беларускіх народных баладах” цікавая і, на наш погляд, патрабуе далейшага вывучэння, таму што народныя балады дастаткова не даследаваны. Гэтыя творы нясуць шмат павучальнасці для кожнага чалавека, з іх зместу можна даведацца пра жыццё і побыт нашых продкаў. Як філолагаў нас вабіць мова, якой напісаны балады: багатая на разнастайныя мастацкія сродкі, эмацыянальная, яскравая. Наша задача - далучыць свой даследчы голас да гэтага жанру, які хавае ў сваёй аснове шмат цікавых і багатых момантаў з пункту гледжання эстэтычнага.
Мэтай нашай дыпломнай працы з’яўляецца даследаванне трагічнага і драматычнага пафасу ў беларускіх народных баладных песнях.
Згодна з мэтай будуць вырашацца наступныя задачы:
звярнуць увагу на гісторыю ўзнікнення і эвалюцыі народнай балады, выявіць спецыфіку жанру;
акрэсліць сістэму вобразаў баладных песень;
вызначыць трагічную і драматычную дамінанту жанру народнай балады, вылучыць яе крытэрыі пафасу;
выявіць драматычныя калізіі ў баладах перыяду Вялікай Айчыннай вайны;
раскрыць паэтычныя прыёмы, моўна-выяўленчыя сродкі стварэння трагічнага і драматычнага пафасу ў беларускіх народных баладах.
РАЗДЗЕЛ І. ЖАНРАВАЯ ФОРМА І ВОБРАЗНЫ ЛАД НАРОДНЫХ БАЛАД
Сярод паэтычных жанраў вуснай народнай творчасці сваёй сувяззю з сапраўднымі або ўяўнымі падзеямі, гістарычнымі асобамі вылучаюцца балады. Яны ярка адлюстравалі стан душы народа, яго мудрасць, псіхалогію і светапогляд, маральна-этычныя і эстэтычныя нормы. Балады, або іх яшчэ называюць доўгімі песнямі, — ліра-эпічныя творы з драматычна напружаным сюжэтам, пабудаваным галоўным чынам на трагічных канфліктах сямейнага характару, праз якія нярэдка адлюстроўваюцца значныя падзеі, што мелі шырокі рэзананс. Тэрмін балада паходзіць ад англійскага слова ballad і лацінскага кораня ballo, што абазначала танец. Фалькларыст Л. М. Салавей падкрэслівае, што балада —“ліра-эпічная песня, якая адлюстроўвае драматычныя і трагічныя калізіі ў сферы асабістага, сямейнага і грамадскага быта чалавека”(57, с. 15). Балада, сапраўды, жанр унікальны і спецыфічны, у цэнтры якога — маральна-этычныя тэмы: супрацьборства дабра і зла, сутыкненне любові і нянавісці, вернасці і здрады, стойкасць чалавека ў трагічных сітуацыях і г. д. Для класічнай балады характэрны разнастайныя рэфрэны, якія павялічваюць расповяд і канцэнтруюць увагу слухачоў і выканаўцаў на ўсіх дэталях апавядання, якія падрыхтоўваюць іх да ўспрыняцця заключэння (часта вельмі выразнага) ці падводзяць слухачоў, суперажываючым героям балад, да недвухсэнсавай маральна-этычнай ацэнкі іх учынкаў. Славянскія балады выконваюцца сола ці хорам у рэчытатыўнай і распеўнай манеры, узгадняючыся з лакальнымі стылямі выканаўцаў.
Балады не мелі, як правіла, абрадавай прымеркаванасці, за выключэннем асобных сюжэтаў; магчыма ўзнікненне некаторых балад у выніку мастацкага асэнсавання абрадавых дзеянняў і звычаяў. Так, у беларускай і ўкраінскай баладнай творчасці маюцца адзінкі, якія звязаны з веснавой, купальскай і жніўнай абраднасцю. Сувязь балады з песнямі і абрадавасцю каляндарных цыклаў абумоўлена рознымі прычынамі. У адных выпадках гэта праяўленне генетычнай еднасці, агульнасці вытокаў, у іншых — дзеянне моцнай фальклорнай традыцыі, якая так парадкавала песенны рэпертуар, каб кожнаму твору было сваё месца, свой час выканання.
І. Ф. Штэйнер называе баладу “жанрам незвычайным, таямнічым, загадкавым” і пераконвае, што “яе свет — паэтычны, па-дзіцячы наіўны, а таму такі дарагі сэрцу кожнага — жыве поруч з намі як увасабленне чала-вечых мар, ідэалаў, памкненняў. I ўсё ў гэтым свеце ахутана таямніцай, бо там вандруюць прывіды і здані, з'яўляюцца жорсткія ўладары лесу і вады, бяскрыўдныя і дурнаватыя падчас чэрці і нячысцікі, шнуруюць бязлітасныя ваўкалакі” (65, с. 7).
Менавіта ў жахлівых сітуацыях раскрываецца велічная ўнутраная прыгажосць чалавека, які заўсёды выходзіць пераможцам. Нават тады, калі перамогу ён здабывае за кошт ўласнага жыцця. Таму, нягледзячына выразна трагічную афарбаванасць баладнага сусвету, тут ніколі не валадарыць смерць. Яе перамагае магутнае каханне, любоў маці да сваіх дзетак, жаночая вернасць, патрыятызм, адданасць доўгу і сваім ідэалам. Такой была балада пры сваім зараджэнні. Такой яна застаецца і цяпер. Але гэта датычыцца толькі яе ўнутранага духу. А знешне форма балады мянялася і мянялася не аднойчы.
Народныя балады — адзін з самых старажытных жанраў сусветнай паэзіі. Яны зарадзіліся недзе ў ХІ-ХІІ стст. у фальклоры германскіх народаў. Прыкладна ў гэты час балада ўзнікае і ў славянскім фальклоры. У сярэдневяковай еўрапейскай паэзіі тэрмін “балада” першапачаткова абазначаў народную плясавую песню любоўнага зместу з абавязковым рэфрэнам. Паступова песня аддзялілася ад танца, страціла рэфрэн. У сучасным выглядзе балада зарадзілася на хвалі ідэй еўрапейскага рамантызму і за кароткі час стала яго своеасаблівым маніфестам.
У цэнтры балады індывідуальны чалавечы лёс. Падзеі агульнанароднага значэння, этычныя, філасофскія, сацыяльныя пытанні ўзнаўляюцца ў гэтых творах праз прызму чалавечых ўзаемаадносін і лёсаў. Звычайна аўтар балады выбірае такое здарэнне, якое атрымлівае ўсеагульнае значэнне для саміх персанажаў і для цэлага сацыяльнага ці нават нацыянальнага калектыву. Напрыклад, трагедыя тысяч людзей, палоненых татарамі, адлюстравана ў баладзе пра жанчыну, якая ў палоне сустракае дачку. Асабліва важна тое, што ў баладных песнях няма падагульняючых вывадаў, якія перакідваюць масток ад асабістага лёсу да агульначалавечага.
У цэлым балада — эпічны жанр, што пацвярджае яе сюжэтнасць, падзейнасць і аб’ектыўнасць апавядання. Эпічнасць праяўляецца і ў тым, што аповед вядзецца ад аўтара, звычайна гэта паслядоўны расказ пра падзеі.
Мэтай балады з’яўляецца не ўсебаковае даследаванне разнастайных жыццёвых калізій, а паказ пэўнага чалавека на адным з самых складаных, вяршынных або пераломных момантаў яго жыцця, якое часта завяршаецца трагічна: маці канчае жыццё самагубствам пасля таго, як яе дзіця разарвалі ваўкі, сястра атручвае брата, які не дазваляе ёй быць з каханым. Кожны з такіх пераломных момантаў змяшчае адзіны канфлікт галоўнага героя з прыродай, сацыяльнай сістэмай, ворагамі, канфлікт гуманізму з бесчалавечнасцю і г. д. Дзеля яркага і ўсебаковага паказу гэтага канфлікту свядома абмяжоўваецца колькасць дзеючых асоб. Для народнай балады характэрна нязначная колькасць персанажаў, часцей за ўсё 2-3. У сілу прытчападобнасці балады, яе сцісласці героі паказаны не дэталёва, а эскізна: найбольш яскрава выдзелены толькі некаторыя рысы яго характару, якія неабходны для вырашэння асноўнай ідэі твора, для развіцця канфлікту.
Падзеі ў баладзе абмежаваны ў часе і прасторы. Уся ўвага аддадзена дзеянню. Варта падкрэсліць, што балада не толькі апавядае пра пэўную падзею, але і робіць чытача яе сведкам, стварае своеасаблівую ілюзію прысутнасці.
Беларускія балады адрозніваюцца ад баладаў іншых народаў сваёй паэтычнасцю. Тлумачыцца гэта тым, што ў беларускім фальклоры, як і ў заходніх славян, амаль не склаліся традыцыі гераічнага эпасу. Здарылася так, што ўсе незвычайныя, найбольш трагічныя падзеі, якія былі нярэдкімі ў штодзённым побыце беларусаў, гераічныя моманты ў жыцці пэўнага сацыяльнага калектыву ці нават усёй нацыі — смерць добрых малайцоў ад рук ворагаў (“Каля лесу, каля цёмнага”), развітанне з мужнымі абаронцамі роднага краю (“Праводзіны на вайну”, “Развітанне з мілым”), нашэсце захопнікаў (“Удава ратуецца ад татараў”) — знайшлі свае глыбокае адлюстраванне ў выключна дынамічнай, драматычна напружанай форме народнай балады.
Мастацкая спецыфіка беларускай народнай балады вызначаецца яе драматызмам і трагічнасцю. Пад драматызмам мы разумеем эстэтычную катэгорыю, якая адлюстроўвае і абагульняе супярэчнасці і канфлікты чалавечага жыцця, узаемаадносіны чалавека з навакольным светам. Для драматызму характэрныя няшчасце, неўладкаванасць, незадаволенасць асобы ў душэўнай сферы, у асабістых адносінах, у грамадскім становішчы, напружанае перажыванне нейкіх супярэчнасцяў, усхваляванасць і трывога, барацьба процілеглых сіл, напружаная інтрыга, сутыкненне процілеглых чалавечых учынкаў, ідэй, імкненняў (6, с. 15). Г. Паспелаў называе драматызм “пафасам дзеянняў і адносінаў персанажаў, але часта ён робіцца разам з тым і драматызмам ідэйнай накіраванасці самога твора” (49, с. 90). Канфлікты, якія параджае пафас драматызму, — гэта, на думку даследчыка, “сутыкненні персанажаў з такімі сіламі жыцця, з такімі яе прынцыпамі і традыцыямі, якія звонку супрацьстаяць характарам персанажаў і якія не маюць для іх зверхасабістага значэння” (49, с. 90). Драматычныя канфлікты могуць прывесці да вельмі цяжкіх перажыванняў, да пакутаў, нават да пагібелі. Чым больш глыбокія канфлікты, тым больш цяжкія перажыванні, тым мацнейшы драматызм дзеянняў персанажаў і іх лёсаў.
Побач з драматызмам у баладах прысутнічае і трагічнае. Пад трагічным мы разумеем эстэтычную катэгорыю, якая характарызуе невырашальны мастацкі канфлікт (калізію), які разгортваецца ў працэсе свабоднага дзеяння героя і суправаджаецца пакутамі і гібеллю героя ці яго жыццёвых каштоўнасцей. Трагічнае ўзнікае на аснове сутыкнення чалавека з невырашальнымі супярэчнасцямі. Невырашальны канфлікт прыводзіць да цяжкіх пакут і смерці героя. Аднак гібель не кожнай асобы мы ўспрымаем трагічна, а толькі той, што мае важнае станоўчае значэнне для людзей. Варта разумець, што “пад трагічным разумеецца не проста жахлівае, а тое, што звязана з неажыццёўленымі высокімі парываннямі чалавека” (49, с. 158).
Супярэчлівым застаецца пытанне класіфікацыі беларускіх народных балад. Мы будзем кіравацца думкай Л. Салавей, якая падзяляе балады на наступныя віды:
балады з міфалагічнымі матывамі;
балады казачныя і легендарныя;
балады, якія змяшчаюць загадкі;
балады гульнёва-карагоднага складу;
балады навелістычныя;
балады гістарычныя;
балады гераічныя.
Паводле наяўнасці рэліктаў старажытнага светаўспрымання да найбольш ранніх балад трэба аднесці балады з міфалагічнымі матывамі. Да іх блізкія балады казачнага характару, балады, што ўключаюць загадкі. Найпазнейшымі трэба лічыць балады навелістычныя. Варта адзначыць пэўныя цяжкасці, якія ўзнікаюць пры разглядзе асобных сюжэтаў: варыянты адной балады могуць мець міфалагічныя элементы, напрыклад, метамарфозы, а могуць іх і не мець.
Да спецыфічных рыс адносіцца таксама і сістэма вобразаў беларускіх народных балад. Неабходна адзначыць, што вобразы, выкарыстаныя ў беларускіх баладах, вельмі яскравыя і поўныя. Праз паводзіны персанажаў, іх пачуцці, размовы мы можам добра ўбачыць унутраны свет чалавека, пачуць тое, што да нас хацеў данесці народ — аўтар твора.
Вельмі багатымі і разнастайнымі з'яўляюцца балады навелістычнага характару, у якіх адным з распаўсюджаных вобразаў з’яўляецца нявестка, якую свякруха закляла ў рабіну. Ператварэнне адбываецца часцей у разнастайныя запаветныя дрэвы: рабіну, каліну, таполю, яліну. Пры дапамозе такіх ператварэнняў аўтар перадае нам жыццё гаротнай дзяўчыны, якую не ўзлюбіла свякруха, раскрывае ўнутраны свет закаханай маладзіцы, паказвае яе перажыванні і пакуты ад нешчаслівага кахання:
Стрыкуча крапіва балотная,
Журліва свякрова нягодная.
Біла нявесту як дзень, дак ноч,
Гнала нявесту з двара далоў:
— Ідзі, нявеста, у чыста поле,
Скінься, нявеста, рабінай (3, с. 125).
Перад намі паўстаюць адразу два вобразы – свякрухі нягоднай і беднай нявесткі. У гэтай баладзе свякруха выступае адмоўнай, сварлівай жанчынай, якая незадаволена маладзіцай і заклінае яе ператварыцца ў рабіну. Тут праяўляюцца рэўнасныя адносіны да нявесткі за сына. Маці хоча, каб дзіця было побач з ёй, а не з маладой жонкай. Менавіта таму ў гэтым вобразе нам бачны недобразычлівыя, эгаістычныя паводзіны чалавека. Нявестка наадварот паўстае добрай, ціхмянай дзяўчынай, якая кахае свайго хлопца. Праз яе паводзіны мы бачым, што гэта паслухмяная, са светлай душой маладзіца.
У баладах пра напады татар прысутнічае вобраз бярозы:
— Ты, бярозе, хілява-бялява,
Чаму ты ў полі не вясёла?
Чаму ты, бяроза, суха, не зелена? (3, с. 264)
Вобраз бярозы, якая траціць сваю прыгажосць, засыхае, церпіць ад наездаў татар, прыйшоў у баладу, на думку К. П. Кабашнікава, з вясельнай паэзіі. У баладных песнях бяроза – вобраз самадастатковы. Нам дастаткова толькі аднаго эпізода, каб убачыць спусташальнасць татарскіх набегаў (14, с. 336).
Сустракаецца ў баладных песнях і вобраз каліны. Сімвалічны вобраз каліны – адзін з самых распаўсюджаных і сэнсава шматгранных. Ярка і пераканаўча каліна як вобраз-сімвал маладой дзяўчыны або замужняй жанчыны (нявесткі) выступае ў некаторых народных баладах. Паводле адной з балад, праклятыя за грэх казак і дзяўчына прараслі пасля смерці: казак – яварам, а дзяўчына – калінаю.
У народнай баладзе ператварэнні герояў могуць адбывацца не толькі ў дрэва, але і ў іншыя вобразы. Пра гэта сцвярджаюць і навукоўцы. Так, знаўца балад Л. Салавей адзначае, што “адным з яскравых вобразаў у баладах з’яўляецца ластаўка” (25, с. 487). Прыкладам можа служыць балада:
Да ў нядзельку раненька на зары
Шчабятала ластаўка на моры,
На беленькім камушку седзючы,
І на беражочак гледзючы:
— Ой, татулька, татулька, для бога,
Знімі мяне з камушка бялога (3, с. 239).
Тут назіраецца первўвасабленне дзяўчыны ў ластаўку. Сама на сабе гэтая птушка сімвалізуе лепшыя якасці: дабрыню, чысціню, пяшчоту. Так праз вобраз ластаўкі паказваюцца нам якасці дзяўчыны і робіцца гэта для большай эмацыянальнасці, праўдзівасці.
Асабліва часта сустракаецца ў баладных песнях вобраз шэрай зязюлькі – сімвал жанчыны, якая горка сумуе-тужыць – або ў разлуцы з каханым, або па дому бацкоў. Па словах Л. Салавей, “матыў ператварэння жанчыны ў птушку, найчасцей зязюлю, а яе дзяцей у дробных птушачак, салавейкаў, прысутнічае ў некалькіх сюжэтах і з'яўляецца сюжэтастваральным, без гэтага ператварэння сюжэт не можа існаваць, ён рассыпаецца” (25, с. 445). Неабходна дадаць, што на Беларусі зязюлю лічылі птушкай жаночага роду, птушкай без пары, птушкай-удавой. За вобразам зязюлі замацавалася і сімвалічнае значэнне вяшчунні і варажбіткі. Зязюлі па народных павер’ях, дадзена знаць тое, чаго не ведаюць і не могуць ведаць людзі, таму ў песнях яна прадказвае лёс.
Да рэдкіх сюжэтаў балад адносяцца творы з вобразам арла. Арол у індаеўрапейскай міфалогіі заўсёды знаходзіцца на вяршыні «Дрэва Сусвету». Гэтая птушка служыла пасланцам багоў, далятала да мора, прыносіла адтуль весткі, могла бачыць ніжніх ранейшых багоў, зрынутых у апраметную (25, с. 463). У беларускай фальклорнай спадчыне арол таксама памяшчаецца часта на дубе — дрэве Перуна, ці «Дрэве Сусвету»:
Узяў стрэльбу да застрэліў гарла на дубе.
Дзе галоўка упала, там цэркаўка стала,
А дзе крылца ўпалі, там алтары сталі.
А дзе ножанькі ўпалі, там свечанькі сталі (3, с. 484).
Асаблівасцю казачных балад з'яўляюцца таксама вобразы дзікіх звяроў, пра якія дастаткова міфалагічных уяўленняў і якія шырока прадстаўлены ў казках. Гэта найперш воўк (сюжэты «ваўкі-нянькі», «воўк перамагае ў шлюбным спаборніцтве», у першым сюжэце яго можа замяніць мядзведзь):
Над дзіцятачкай чатыры нянечкі,
Чатыры нянечкі, шэрыя ваўкі.
Радзілі раду, раду добрую (3, с. 583).
Беларускія балады данеслі да нас шэраг міфалагічных матываў, якія сведчаць пра веру нашых продкаў у мажлівасць ператварэння чалавека ў аб'екты навакольнай прыроды: кветкі, дрэвы, каменні, рэчкі і інш. У мастацкі твор уключаецца гатовы добра вядомы архаічны матыў, які служыць большай мастацкай выразнасці твора, робіць яго глыбокім і змястоўным (12, с. 459). З мужчынскіх вобразаў варта адзначыць зялёны дубочак – вобраз, які процістаіць жаночым вобразам з расліннага свету, хаця ні з адным з іх і не спараны (як, напрыклад, явар з калінай або з ліпай) (25, с. 487):
Прыблудзілася к зялёнаму дубу,
Тут я, млода, начаваці буду.
Я думала, што дуб зеляненькі,
Адазваўся казак маладзенькі (3, с. 249).
Як зазначае К. Лецка, у беларускай народнай баладзе, як і ў фальклоры многіх народаў свету, набліжанасцю да рамантычнага паказу вызначаецца такая сітуацыя, калі ў знак моцнай і неразлучнай любові нябожчыкаў (звычайна хлопца і дзяўчыны) на іх магілах вырастаюць і сашчапляюцца дуб з бярозаю або зрастаюцца разам вяршочкі зялёнага явару і белай бярозы (41, с. 182). Гэты гімн вернасці ў каханні праз алегарычныя вобразы дрэў знайшоў адлюстраванне ў рамантычнай баладзе «Дзве бярозы» Яна Баршчэўскага, у творчасці іншых паэтаў-рамантыкаў. Становяцца «дубочкамі, бярозкамі» і нават «белым камянём» героі народнай балады «Заклятае вяселле». У дадатак да таго хлопец, дзяўчына ці нявестка могуць стаць вярбою.
Народныя балады змяшчалі ў сабе вобразы не толькі дрэў, птушак, раслін, але і абстрактныя паняцці ў вобразе гора. Такія вобразы адносяцца да вельмі старажытных уяўленняў аб прадвызначанасці чалавечага шляху, аб надзяленні кожнага чалавека ужо пры нараджэнні добрай або благой доляй:
А я ў горы не радзілася,
Само гора прыкацілася.
Пайду з гора ў чыста поле,
Гора за мной катком коціць… (3, с. 452)
У простага чалавека гора жыло побач, усюды хадзіла ззаду. Праз гэты вобраз аўтар балады паказвае, што просты чалавек вельмі часта пакутаваў, яму было нялёгка па жыцці побач з горам, якое не давала спакою.
З жаночых вобразаў у беларускіх баладах бадай што самым глыбокім і яркім, “мастацкі дасканалым трэба лічыць вобраз сялянскай дзяўчыны Бандароўны, галоўнай гераіні аднайменнай балады” (14, с. 341). Пачуццё чалавечай годнасці, жаночага гонару, мужнасць, сіла волі, здольнасць супрацьстаяць дамаганням пана, улада якога над сялянамі была неабмежаванай, сканцэнтраваны ў гэтым вобразе народнай гераіні. Яна не прымае падарункаў пана, наносіць яму нечуваную абразу, хоць ведае, што рызыкуе жыццём:
- Ой, лепей, пане Хаміцкі, у сырым пяску гніці,
Як за панам Хаміцкім у атласе хадзіці (3, с. 343).
Такім чынам, мы бачым, што беларускія народныя балады насычаны разнастайнымі вобразамі, праз якія больш дакладна характарызуецца чалавек, яго паводзіны, унутраны стан.
Такім чынам, акрэсленыя спецыфічныя рысы беларускай народнай балады гавораць пра тое, што гэта вельмі цікавы, глыбокі па змесце жанр. Баладныя песні вызначаюцца высокімі эстэтычнымі і ідэйнымі якасцямі. Пры ўсёй тэматычнай разнастайнасці балады маюць нешта агульнае, што дазваляе аб’яднаць іх у межах адзінага жанру.
РАЗДЗЕЛ ІІ. ДРАМАТЫЧНЫЯ КАЛІЗІІ Ў НАРОДНАЙ БАЛАДЗЕ
Мастацкая спецыфіка народнай балады вызначаецца яе драматызмам. Рускі даследчык фальклору С. Азбелеў адзначае, што “драматызм балады адносіцца да спосабу апавядання ў ёй, але не ўказвае на сувязь з драмай як з адным з відаў п’ес для сцэны” ( 31, с. 72). Неабходна ўдакладніць, што ў народных баладах мы сутыкаемся з эстэтычнай катэгорыяй драматычнага, якая ўказвае на напружанасць, безысходнасць стану, абставін. Драматычны канфлікт прадвызначае супярэчнасці ў светаўспрыманні герояў і падчас іх барацьбы, спрыяе ачышчэнню (катарсісу) герояў і чытачоў або слухачоў. Г. М. Паспелаў у працы “Праблемы гістарычнага развіцця літаратуры” гаворыць, што “канфлікты, якія параджаюць пафас драматызму, — гэта сутыкненні персанажаў з такімі сіламі жыцця, з такімі яго прынцыпамі і традыцыямі, якія звонку процістаяць характарам персанажаў і якія не маюць для іх звышасабістага значэння.З такімі сіламі і прынцыпамі жыцця персанажы могуць уступаць ў проціборства, абараняючы гэтым або сваі звышасабістыя памкненні, або толькі маральныя каштоўнасці свайго прыватнага жыцця, а часам нават і такія асабістыя памкненні, якія не маюць станоўчага маральнага значэння” (49, с. 73). Пад звышасабістым даследчык разумее грамадскія ідэалы, якія даюць людзям, якія да іх імкнуцца, годнасць, гонар, славу. “Такія ідэалы не з’яўляюцца чымсьці асабістым, выпадковым, яны не ўзнікаюць па волі асобных людзей”, — падкрэслівае вучоны (49, с. 20).
Запатрабаванням драматычнай выразнасці балады падпарадкаваны і кампазіцыя, і спосаб паказу чалавека, і сам прынцып тыпізацыі жыццёвых з’яў. Дзеянне заўсёды зведзена да аднаго канфлікту, да аднаго цэнтральнага эпізода, а ўсе падзеі, якія папярэднічаюць канфлікту, або выкладаюцца вельмі сцісла:
Жыла ўдоўка багатая,
А ў яе дочка харошая.
Пашла на бераг ложак мыць.
Яшчэ ложак не памыла,
Цёмна хмарка уступіла (3, с. 72).
або зусім адсутнічаюць, і балада пачынаецца адразу з драматычнага дзеяння:
Ой, у полі пад вішэнькаю
Там казачок забіты ляжыць,
Над ім конік вараны стаіць,
Капыцейкам зямлю сячэ,
Свайму пану вады дастае ( 3, с. 281).
Драматызм народных балад дасягаецца з дапамогай адкідвання падзей, якія адбываюцца пасля асноўнага канфлікту. Напрыклад, у беларускіх фальклорных баладах дачка даведваецца пра тое, што бацька забіў маці, сын высвятляе, што маці загубіла яго жонку. Пра тое, што адбываецца далей, балада не гаворыць.
Драматычны пачатак жанравай структуры балады цесна звязаны з напружанасцю дзеяння, якая падкрэсліваецца звычайна адмысловым, імклівым, вершаваным рытмам. Па сутнасці, кожная балада — гэта маленькая драма. Канфлікт, які пакладзены ў аснову, заўсёды востра драматычны. Развязка ж, якая выступае сюжэтным завяршэннем канфлікту, носіць не проста нечакана-эфектны, але часта трагічны характар. У вядомай ступені драматызм балад звязаны таксама з той атмасферай страху і жаху, без якой наогул нельга ўявіць мастацкую прыроду традыцыйнай фальклорнай балады. Часам драматызм народных балад цесна пераплецены з рэлігійнымі і міфалагічнымі вераваннямі людзей, нібы выцякае з іх. Чалавек прызнае існаванне нейкай неспасціжнай і непадуладнай яму сілы. У большасці балад гэта проста ўсведамленне таго, што вонкавыя, аб’ектыўныя акалічнасці часта аказваюцца мацнейшымі за ўнутраныя, суб’ектыўныя падахвочванні асобнага чалавека. Адсюль характэрны для балад змрочны каларыт.
З усяго спектра праблем ледзь не самай галоўнай з’яўляецца супрацьстаянне асобы і лёсу. У беларускай народнай баладзе выразна прасочваецца ідэя справядлівасці: калі чалавек не кіруецца загадамі лёсу - ён будзе пакараны. Герой нярэдка свядома кідае выклік лёсу, аказвае яму супраціўленне насуперак усякім прадказанням і прадчуванням. Пра гэта яскрава сведчыць сапраўдны шэдэўр беларускай ліра-эпічнай паэзіі — балада пра Бандароўну. Гэтая прыгожая, гордая і смелая дзяўчына з народа, якая вырашыла лепш загінуць, чым паступіцца сваёй чалавечай і дзявочай годнасцю:
— А ці лепей, Бандароўна, ў пяску гніці,
Як за мною, за Хаміцкім, ў атласе хадзіці? ( 3, с. 343)
Гераіня спрабавала пазбегнуць пагібелі, ды потым прыняла смерць, але не скарылася панскай прыхамаці, не аддала на здзек свой жаночы гонар і засталася непараможнай. Калізія, якая, здавалась бы, абмежавана сюжэтнымі рамкамі (лёс адной дзяўчыны), у сапраўднасці шырока распаўсюджаная і мае грамадскае значэнне. Так, перад намі нібы канцэнтраванае выражэнне лёсу ўсяго народа, у маральнай пазіцыі Бандароўны ўвасабляюцца значымыя бакі маральнага кодэкса простага люду, які процістаіць рабаўнікам. Далёка не заўсёды баладныя сюжэты маюць шчаслівы фінал, у якім перамогу атрымлівае справядлівасць. Наадварот, для балад характэрны наймацнейшы драматызм зместу. Сюжэтныя калізіі да мяжы завостраны і напружаны, увага скіравана на канфлікты і сітуацыі, у якіх магчымасць шчаслівых развязак выключана. Як правіла, баладныя песні завяршаюцца трагічна.
Драматычныя калізіі ў беларускіх народных баладах пра паходжанне кветак братак спалучаюцца з матывам інцэсту. У фальклоры нашага народа існуюць два варыянты сюжэта. Першы апавядае, як разлучаныя ў дзяцінстве брат і сястра сустракаюцца дарослымі і ўступаюць у кроўна-роднасны шлюб, з якога няма выйсця. Па сваёй волі яны ператвараюцца ў кветкі (на брату — сінія кветкі, на сястры — жоўтыя), і гэта толькі павялічвае драматызм. Частка запісаў мае іншае вырашэнне канфлікту — брат і сястра шчасліва пазбягаюць інцэсту. Л. Салавей адзначае, што “нават у тэкстах, дзе інцэст пазбягаецца, застаецца інерцыя ўяўлення, што грэх адбыўся, і брат з сястрой ператвараюцца ў кветку “браткі”. Прытым кветка гэтая ўспрымаецца як купальская трава, якую дзеўкі будуць збіраць на Купаллі і ўспамінаць брата і сястру” ( 25, с. 458). Народная этыка рашуча асуджае такі ракавы збег абставін, менавіта таму практычна заўсёды балада заканчваецца трагічна. Драматычная напружанасць канфлікта даводзіцца да крайніх межаў, аснову сюжэтнага развіцця складаюць жахлівыя супадзенні і непапраўныя выпадковасці.
Часам драматычны пачатак у баладах настолькі моцна выражаны, што з-за гэтага аўтарскі аповед адыходзіць на другі план або зусім замяняецца маналагічнай або дыялагічнай формай апавядання. Напрыклад, адзін з варыянтаў балады “Разважлівая дзяўчына ў палоне” пабудаваны як размова Дуная, паланянкі і капітана:
— Дунай, Дунай, Дунайчык мой,
Чаму ж ты, Дунай, так ціхенька ідзеш?
— Як жа мне, Дунаю, ціхенька не ісці?
Бо па мне, Дунаю, тры чаўны плывуць...
...У трэцім чаўночку дзяўчына плача (3, с. 79).
Разважлівая паланянка адмаўляецца ад прапановы капітана “слузе пасцель слаць”, а з ім разам спаць, бо “не жывуць дзве жонкі пры адном мужы” (3, с. 79).
Неабходна адзначыць, што балады пра паланянак прасякнуты асаблівым драматызмам. Тут выразна адчуваецца і туга па далёкай Радзіме, і неадольнае жаданне пабачыць родных, і нелюбоў да чужой старонкі. Прыкладам служаць балады пра маці-птушку, якая ляціць зязюляй да ўгнанай у татарскі палон дачкі і чуе там, як дачка просіць свайго мужа адпусціць яе да мамкі ў госці. Асаблівага драматычнага напружання дасягаюць тыя баладныя песні, якія мал