Мілітарныя цацкі ХІІ - ХІІІ стст. з тэрыторыі Беларусі (да пастаноўкі праблемы)

Мікалай Плавінскі

Вайна была адной з характэрных з`яваў сярэднявечнай рэчаіснасці. Чалавек сярэдявечча мусіў перманентна сутыкацца з вайной, яна стала непазбежнай часткай яго жыццядзейнасці.

Дзіцячыя гульні паўтараюць жыццё бацькоў. Таму распаўсюджанне мілітарных цацак у матэрыяльнай культуры старажытнарускіх гарадоў не выпадковае. Гэтыя цацкі могуць выступаць вельмі каштоўнымі крыніцамі па гісторыі зброі. Знешні выгляд узбраення перадаваўся тагачаснымі майстрамі з вялікай дакладнасцю як на высокамастацкіх вырабах, так і на прымітыўных пабытовых прадметах.

Мілітарныя цацкі старажытнарускага перыяду з тэрыторыі Беларусі можна падзяліць на два віды: мілітарная мініяцюра - гліняныя фігуркі-салдацікі і дзіцячая "зброя" (драўляныя імітацыі прадметаў узбраення)(1).

На тэрыторыі Беларусі знойдзены шэраг цэлых і фрагментаваных фігурак-салдацікаў. З гарадзішча Маскавічы паходзіць фігурка пешага ваяра з белай азёрнай гліны(2). Яна датуецца 12 – 13 стст. Дэталіроўка вельмі схематычная. Больш-меньш прапрацаваны толькі рысы твару, паказаны пас і даспех (мал.1). Схематычнасць выявы выклікала ўзнікненне розных меркаванняў пра тып даспеху. Георгі Ласкавы лічыць, што гэта пласцінкавы (лускавы) панцыр(3). Але, калі прыняць такі пункт гледжання, трэба згадзіцца з тым, што перад намі выява ўнікальнейшага лускавога даспеху з каптуром. Якіх-небудзь аналогій такому гарнітуру ў сярэднявечных усходнееўрапейскіх матэрыялах няма (магчымасць яго існавання ўвогуле малаверагодная). Таму, на мой погляд, больш адпавядаючай рэчаіснасці будзе інтэрпрэтацыя даспеха фігуркі як кальчугі з каптуром. Такая кальчуга была вядомая і на Русі(4) і ў Польшчы(5). Даспех салдаціка вызначыла як кальчугу і даследчык гарадзішча Маскавічы Людміла Дучыц(6).

Фрагмент глінянага салдаціка (верхняя частка цела з галавой у высокім яйкападобным нагалоўі) быў знойдзены ў Ваўкавыску(7). Рысы твару прапрацаваны схематычна (мал.2:6). Ніжняя частка фігуркі адсутнічае, але, дзякуючы шматлікім аналогіям, можна з вялікай упэўненасцю сцвярджаць, што перад намі фрагмент выявы вершніка. Падобныя паліваныя салдацікі акрамя Ваўкавыска былі знойдзены ў Кіеве, Ваіні, Вышгарадзе, Драгічыне Надбужскім, Галічы, Ноўгарадзе (мал.2)(8). Усе яны першапачаткова былі вылеплены як вершнікі на конях(9). Дэталіроўка ўсіх фігурак схематычная. Добра прапрацаваны толькі высокія яйкападобныя нагалоўі і шырокія пасы. Наконт характару нагалоўяў у літаратуры было выказана два меркаванні. Адныя аўтары бачаць у іх "княжацкія" шапкі(10). Другія лічаць іх шлемамі(11). Я прытрымліваюся другой трактоўкі. Вышыня звона, які часам знітаваны з некалькіх частак, адсутнасць альбо нявыяўленасць "аколыша" (бо гэта не "аколыш", а абруч, які змацоўвае пласціны звона) сведчаць, што на галавах салдацікаў паказаны яйкападобныя шлемы (за выключэннем фігуркі з Ваіні (мал.2:3), нагалоўе якой сапраўды варта трактаваць як шапку.

Калі ў Ваўкавыску быў знойдзены вершнік без каня, дык у Слуцку - конь без вершніка. Даўжыня фігуркі - 7 см. Яна была пакрыта палівай зялёнага колеру, датуецца 12 – 13 стст.(12) Галава і ногі каня не захаваліся. Ад вершніка засталіся толькі вельмі схематычна паказаныя ногі. Найбольш дэталёва прапрацавана конская вупраж. Падобныя коні былі знойдзены ў Кіеве і Уладзіміры Валынскім (мал.4)(13). Ва ўсіх выпадках ад вершнікаў захаваліся толькі ногі, радзей кісці рук (часам са зброяй).

Можна вызначыць агульную для ўсіх паліваных салдацікаў рысу, характэрную і для знаходак з тэрыторыі Беларусі. Пры ўсёй схематычнасці фігурак вылучаецца шэраг добра прапрацаваных элементаў. Гэта атрыбуты прафесыйнага ваяра-дружынніка - індыкатары яго сацыяльнага статусу: шлем, пас, зброя, конская вупраж(14).

Да дзіцячай "зброі" належаць драўляныя імітацыі прадметаў узбраення. Гэтай катэгорыі рэчаў больш пашанцавала з вывучэннем. Існуе параўнаўча шматлікая літаратура, прысвечаная знаходкам з Паўночнага Захаду Русі(15). Праведзеныя даследаванні дазваляюць меркаваць, што дзіцячую "зброю" можна выкарыстоўваць як крыніцу па гісторыі ўзбраення. Але пэўная схематычнасць выяваў вымагае асцярожнасці ў інтэрпрытацыях(16). Абсалютную большасць адзінак у "комплексе" драўлянага "узбраення" складаюць мечы. Але сустракаюцца і наканечнікі дзідаў, лукі, стрэлы, кінжалы і нават сякеры(17).

На тэрыторыі Беларусі рукаяткі драўляных мечаў былі знойдзены ў Гародні, Менску, Бярэсці, Слуцку, Слоніме:

Месца знаходкіКолькасць экзэмпляраўДатыроўкаМалюнакКрыніца інфармацыі
Гародня412 ст.5:5-8Воронин, 1954. С. 64. Рис. 27:4-7
Менск112 – 13(?) стст.3Загорульский, 1982. С. 214. Рис.36
Бярэсце712 – 13 стст.6,7Лысенко, 1985. С. 320, 322
Слуцк1Сяр. 13 ст.5:4Лысенко, 1974. Рис. 48:13
Слонім113 ст.5:3Зверуго, 1989. Рис. 39:9
Актуально: